Ольга Чуприс. Фото: скрин видео, tvr.by
Амністыя пад завяршэнне Года беларускай жанчыны не закране палітвязняў. Законапраект, унесены сёння ў Палату прадстаўнікоў, не ўключае тых, хто здзейсніў “экстрэмісцкія злачынствы”. Пра гэта заявіла намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс.
Паводле яе слоў, амністыя не будзе датычыцца “асоб, якія здзейснілі наўмыснае забойства пры абцяжарвальных абставінах, злачынствы ў дачыненні да непаўналетніх або звязаныя з нявыплатай аліментаў на ўтрыманне дзяцей, экстрэмісцкія злачынствы”. Акрамя таго, яна не распаўсюджваецца на “тых, хто злосна парушае парадак адбывання пакарання”.
“Законапраект аб амністыі накіраваны на большасць жанчын, якія былі асуджаныя альбо адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання ці пазбаўлення волі. Яны будуць вызваленыя ад пакарання ў тых выпадках, калі здзейснілі злачынства, будучы непаўналетнімі, і адбылі не менш за адзін год прызначанага пакарання. Калі яны не адбылі аднаго года, то ў дачыненні да іх, а таксама ў дачыненні да мужчын, якія здзейснілі злачынства ў непаўналетнім узросце і адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання ці пазбаўлення волі, будзе прадугледжана скарачэнне тэрміну пакарання на тры гады”, — дадала Чупрыс, перадае БелТА.
Скарачэнне тэрміну пакарання на два гады прадугледжана для цяжарных жанчын, а таксама тых, хто мае траіх або больш непаўналетніх дзяцей. Для астатніх жанчын, якія падлягаюць амністыі, тэрмін пакарання будзе скарочаны на адзін год.
“Гэта датычыцца пенсіянерак, жанчын, якія маюць адно або двое непаўналетніх дзяцей, жанчын з інваліднасцю першай і другой груп, жанчын, якія захварэлі на анкалагічныя захворванні”, — дадала яна.
Пад амністыю трапяць жанчыны, якім было прызначанае пакаранне, не звязанае з прымусовай ізаляцыяй ад грамадства. Гаворка ідзе пра такія пакаранні, як штраф або, напрыклад, папраўчыя работы.
Яна таксама будзе распаўсюджаная на жанчын, якія яшчэ не былі асуджаныя, але ў дачыненні да якіх справы разглядаюцца ў судзе або вядзецца папярэдняе следства.