Амерыканскія вайскоўцы прыбылі ў Літву

Першыя амерыканскія вайскоўцы прыбылі ў Літву ў рамках адноўленай ратацыі. Пра гэта ў аўторак увечары паведаміў прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа.

“Выдатныя навіны – першыя вайскоўцы ратацыйных сіл ЗША, якія вярнуліся, ужо на літоўскай зямлі. Разам мы мацнейшыя! Вялікі дзякуй Дональду Трампу за тое, што гэта стала рэальнасцю”, – напісаў ён у сетцы Х.

Сёння раніцай міністр абароны Робертас Каўнас у эфіры LRT праінфармаваў, што на гэты момант у краіну прыехала каля 100 вайскоўцаў. Яшчэ чакаецца прыбыццё 10-12 такіх груп.

«Ратацыя пачалася ўчора, прыбылі першыя сто салдат. Плануецца прыбыццё яшчэ 10-12 такіх падраздзяленняў, яно працягнецца на наступным тыдні, і да сярэдзіны лістапада два батальёны будуць цалкам разгорнутыя ў Літве», – сказаў ён.

Як і раней, амерыканскія вайскоўцы будуць размяшчацца ў Пабрадзе, недалёка ад беларускай мяжы. Першая група ўжо знаходзіцца на палігоне. Таксама чакаецца прыбыццё ваеннай тэхнікі.

«Гэты працэс ужо ідзе поўным ходам — чыгункі, парты і ўсе неабходныя пагрузачныя пляцоўкі зарэзерваваныя. Такім чынам, салдаты прылятаюць самалётам, а тэхніка дастаўляецца іншымі шляхамі», – сказаў Каўнас.

У Літве будуць размяшчацца два батальёны: цяжкі бранятанкавы і інжынерны.

Амерыканскія вайскоўцы размяшчаюцца на ратацыйнай аснове ў Літве з 2014 года. Яны змяняюцца кожныя дзевяць месяцаў. Аднак сёлета на фоне перагляду Пентагонам размяшчэння войскаў ЗША ў Еўропе амерыканскія батальёны пакінулі Літву, але іх зменшчыкі не прыехалі, хоць звычайна замена падраздзяленняў адбывалася адначасова.