Амаль 100 тысяч спажыўцоў на Днепрапятроўшчыне засталіся без святла пасля атак РФ

У ноч на 1 лістапада расійскія войскі атакавалі Украіну 433 ударнымі беспілотнікамі. Паводле папярэдніх даных Паветраных сіл УСУ, 371 дрон быў збіты або падаўлены, больш за 40 беспілотнікаў заставаліся ў паветры на момант публікацыі зводкі.

Паводле даных украінскіх вайскоўцаў, у атацы, якая працягвалася з 18:00 31 кастрычніка, выкарыстоўваліся беспілотнікі Shahed, у тым ліку рэактыўныя, «Гербера» і дроны-імітатары. Зафіксаваныя пападанні на 16 лакацыях і падзенне абломкаў збітых апаратаў на 14 лакацыях.

У Сумскай вобласці ў выніку ўдараў па грамадзянскай інфраструктуры, транспарце і нежылым будынку ў Сумскай і Канатопскай грамадах, а таксама па жылым сектары Глухаўскай грамады пацярпелі 6 чалавек, паведамілі ў Дзяржаўнай службе Украіны па надзвычайных сітуацыях. Падчас тушэння пажару ў Глухаўскай грамадзе расійскі беспілотнік нанёс паўторны ўдар па месцы працы ратавальнікаў. Супрацоўнікі ДСНС не пацярпелі.

У Кіеве з-за абстрэлаў энергетычнай інфраструктуры ўвялі экстранныя адключэнні электраэнергіі, паведаміла кампанія ДТЭК.

Кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Ганжа заявіў, што ў выніку начных атак пашкоджана інфраструктура ў Дняпроўскім і Самараўскім раёнах. Паводле яго слоў, новыя ўдары выклікалі паўторныя адключэнні электрычнасці. Без святла застаюцца амаль 100 тысяч спажыўцоў у Дняпроўскім, Паўлаградскім і Самараўскім раёнах. Аднаўленчыя работы працягваюцца.