Ильхам Алиев. Фото: president.az
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў памілаваў грамадзяніна Францыі Марціна Раяна, асуджанага па абвінавачанні ў шпіянажы ў сакавіку гэтага года.
Памілаванне адбылося на наступны дзень пасля таго, як Еўрасаюз выключыў з санкцыйнага спісу расійскага мільярдэра Алішэра Усманава.
Раян быў затрыманы ў 2023 годзе на фоне дыпламатычнай напружанасці паміж Азербайджанам і Францыяй. Тады Аліеў абвінавачваў Парыж у пастаўках зброі Ерэвану.
Раян быў прыгавораны да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Ён адхіляў усе абвінавачанні, а Міністэрства замежных спраў Францыі беспаспяхова патрабавала яго вызвалення.
Пры чарговым падаўжэнні санкцый ЕС супраць Расіі Францыя выступіла за выключэнне са спісу Усманава, аргументуючы гэта пытаннямі нацыянальнай бяспекі. Паводле інфармацыі СМІ, гэта было адной з умоў вызвалення французскага грамадзяніна ў Азербайджане.