Алесь Бяляцкі расказаў пра намер пакінуць пасаду старшыні «Вясны»

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, заснавальнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі мае намер на працягу бліжэйшых паўтара года пакінуць пасаду старшыні арганізацыі, якую ўзначальвае ўжо 30 гадоў. Пра гэта ён расказаў у інтэрв’ю DW Беларусь.

Паводле яго слоў, нягледзячы на тое, што гэтым летам яго пераабралі старшынёй «Вясны» на чарговы тэрмін, сам ён ужо не хацеў заставацца на гэтай пасадзе.

«Я як старшыня буду ўжо паціху адыходзіць, таму што ўсяму свой час. У нас, так бы мовіць, Рыгоравіч сядзіць ужо 32 гады, ну і нам, напэўна, не варта браць з гэтага прыклад», – сказаў праваабаронца.

Бяляцкі адзначыў, што ў арганізацыі моцная Рада, у якую ўваходзяць яго паплечнікі, у тым ліку былыя палітвязні. Ён разлічвае, што яны змогуць працягнуць працу «Вясны».

«На сённяшні дзень у нас даволі моцная рада, туды ўваходзяць мае сябры, паплечнікі, якія прайшлі праз турму і якія, я перакананы, ужо прыйшоўшы ў норму пасля гэтага цяжкага перыяду свайго жыцця, змогуць несці далей імя «Вясны», місію «Вясны», працягнуць тое, што рабілі раней. Тым не менш у бліжэйшы час, год-паўтара максімум, я яшчэ застаюся старшынёй «Вясны». І ў той жа час я развіваю іншы праект, звязаны, як я ўжо казаў, з Нобелеўскай прэміяй, гэта фонд Алеся Бяляцкага», – расказаў ён.

Бяляцкі падкрэсліў, што не збіраецца цалкам спыняць супрацоўніцтва з праваабарончым цэнтрам.

«Гэта сто працэнтаў, што апошні тэрмін, які я цяпер дапрацоўваю на пасадзе старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна”, а потым буду, ну дарадцам, скажам», – заявіў ён.

Бяляцкі таксама расказаў, што пакуль не змог скарыстацца грашовай часткай Нобелеўскай прэміі міру, паколькі ў яго няма банкаўскага рахунку. Паводле слоў праваабаронцы, адкрыць яго за мяжой аказалася няпроста.

«Самае цікавае, што я яшчэ нічога не патраціў, таму што яшчэ не маю рахунку. Я не магу забраць грошы пакуль што, таму што ў мяне няма рахунку. Як прыкладна і ўсе беларускія эмігранты, я сутыкаюся з тымі ж праблемамі», – патлумачыў ён.

Частку прэміяльных грошай ён плануе накіраваць на стварэнне новай ініцыятывы ў рамках фонду Алеся Бяляцкага. Гаворка ідзе пра штогадовую прэмію для моладзі з краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, дзе парушаюцца правы чалавека, у тым ліку з Беларусі.

“Мы будзем весці такія групы штогод, і кожны год пэўная частка маёй прэміі будзе выдзяляцца на падтрымку гэтай моладзі, якая цяпер не можа самарэалізавацца ў сябе ў сваіх краінах. Яшчэ нейкая частка пойдзе, вядома, на бытавое ўладкаванне, таму што рэальна мяне выкінулі без капейкі і трэба неяк жыць”, – расказаў праваабаронца.

У інтэрв’ю ён таксама выступіў супраць падыходу, пры якім вызваленне людзей становіцца прадметам палітычнага гандлю без гарантый сістэмных змен.

«Я праваабаронца, і я выступаю за ўніверсальны падыход да такіх сітуацый. Сітуацыя ў Беларусі, яшчэ раз паўтараю, не ўнікальная. Калі мы пачынаем гандлявацца з дыктатарамі ва ўсім свеце, тады ў нас увогуле губляецца міжнародны парадак і губляецца справядлівасць», – заявіў ён.

На думку Бяляцкага, дамоўленасці, якія не прадугледжваюць доўгатэрміновых змен, здольныя толькі часова вырашыць асобныя праблемы.

“Нам трэба ўсё ж такі дзейнічаць больш грунтоўна і з пэўнымі гарантыямі таго, што гэтыя змены ў Беларусі будуць сур’ёзнымі і што яны сапраўды закрануць жыццё тых 9 мільёнаў людзей, якія цяпер жывуць у Беларусі, якія цяпер усе знаходзяцца ў няволі. Усё наша беларускае грамадства цяпер знаходзіцца ў няволі”, – заявіў ён.

Пры гэтым ён станоўча ацаніў перамовы амерыканскіх дыпламатаў, дзякуючы якім з беларускіх турмаў вызваляюць людзей, і выказаў ім асабістую падзяку.

«Я ім сам асабіста ўдзячны, таму што таксама сядзець там яшчэ 5 гадоў да канца тэрміну не надта хацелася. А з іншага боку, я выдатна разумеў, я не пісаў прашэнне аб памілаванні, каб хутчэй выскачыць з гэтай турмы. Я выдатна разумеў, што наша знаходжанне ў турме – гэта таксама барацьба. Гэта нябачная барацьба, ты там не сутыкаешся са сваім праціўнікам, але тое, што мы знаходзімся ў турме, гэта настолькі моцны сігнал пра тое, што сітуацыя ў краіне ненармальная, што мацней за гэты сігнал улады проста нічога не могуць прапанаваць. Нічога.

Калі праваабаронцы сядзяць у турме, журналісты сядзяць у турме, што казаць пра гэтую краіну, што казаць пра правы чалавека ў гэтай краіне. І гэта палітычная і маральная адказнасць уладаў, якія ідуць на гэты крок, трымаць у сябе палітычных зняволеных», – сказаў праваабаронца.

Ён таксама падкрэсліў неабходнасць прыцягнення да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях і выступіў супраць адмовы ад гэтага патрабавання дзеля кароткатэрміновых дамоўленасцяў.

“У той жа час я яшчэ раз кажу, што такія трэкі па вызваленні закладнікаў – а нашы палітычныя зняволеныя цяпер рэальныя закладнікі, якіх трымае банда злачынцаў, – вось такія трэкі павінны быць, таму што мы таксама насамрэч павінны думаць пра кожнага чалавека, які сёння сядзіць у турме”, – адзначыў праваабаронца.

Ён выказаў упэўненасць, што паслядоўная палітыка Еўрасаюза ў дачыненні да беларускіх уладаў у канчатковым выніку дазволіць дамагчыся вызвалення ўсіх палітвязняў.

«Я перакананы, што гэтая палітыка прынцыповага стаўлення да беларускіх уладаў прынясе больш плёну. Усё ж такі Еўрапейскі саюз даможацца таго, што ўсе палітычныя зняволеныя выйдуць на свабоду. Я ў гэтым перакананы. Галоўнае цяпер не кідацца, не крычаць, не махаць рукамі, а спакойна рабіць сваю працу, так, як яна робіцца на ўзроўні Еўрасаюза», – падсумаваў Бяляцкі.