Аграрыям кампенсуюць выдаткі на дастаўку кармоў БНБК

Савет міністраў пастановай №562 ад 2 лістапада забяспечыў падтрымку рэалізацыі камбікармоў вытворчасці ЗАТ “Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя”. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набывае моц пасля апублікавання.

У адпаведнасці з ім, сельгасвытворцы – пакупнікі кармоў БНБК змогуць атрымаць кампенсацыю выдаткаў на іх дастаўку. Кампенсавацца будзе частка выдаткаў на дастаўку як уласным, так і староннім транспартам. Кампенсацыя будзе выплачвацца пры выкананні дзвюх умоў:

  • перавозка камбікармоў ажыццяўлялася аўтамабільным транспартам на адлегласць больш за 100 км ад БНБК,
  • пакупнік кармоў не мае пратэрмінаванай запазычанасці перад БНБК за камбікорм.

Памер кампенсацыі складзе 2,5 базавай велічыні за 1000 тона-кіламетраў на адлегласць больш за 100 кіламетраў, але не больш за суму фактычна панесеных выдаткаў.

Кампенсацыя не будзе выплачвацца, калі камбікорм цалкам або часткова аплачаны са сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў.

Для атрымання кампенсацыі сельгасвытворцы павінны будуць падаць у мясцовыя органы ўлады заяву на прадастаўленне субсідый, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць выдаткі, і разлік кампенсацыі.

Сродкі будуць паступаць на спецыяльны банкаўскі рахунак атрымальніка.