Аграрыям для пасяўной не хапае 2400 чалавек

Беларускім аграрыям для правядзення пасяўной не хапае 2400 чалавек. Аднак кадрамі сельгаспрадпрыемствы будуць забяспечаны, запэўніў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры начальнік Галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі, дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам машын і абсталявання Мінсельгасхарча Станіслаў Карповіч.

“Сёння для забеспячэння бесперапыннасці тэхналагічнага працэсу неабходна дадатковае прыцягненне 2400 чалавек для таго, каб забяспечыць поўную загрузку, у тым ліку энерганасычаных трактароў, у дзве змены. Таму будзе прыцягнута 1000 чалавек з прамысловых прадпрыемстваў, 660 чалавек — гэта будуць у нас практыканты, студэнты з прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, вышэйшых навучальных устаноў і іншых арганізацый, а таксама будзе больш за 1000 чалавек прыцягнута па грамадзянска-прававых дагаворах. Таму практычна людзі ўсе вызначаны, прозвішчы вядомыя на кожны від тэхнікі”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, у мінулым годзе было закуплена больш за 9 тыс. адзінак тэхнікі для аграрыяў. Карповіч паведаміў, што гатоўнасць тэхнікі складае 94%. Усяго ж у пасяўной будуць задзейнічаны 75 тыс. адзінак тэхнікі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!