Фото: Gazeta Jarosławska.
У польскім горадзе Яраслаў Падкарпацкага ваяводства 31-гадовы грамадзянін Украіны напаў з нажом на пяць чалавек. Адзін з пацярпелых пасля памёр, паведаміла мясцовая Gazeta Jarosławska.
Інцыдэнт адбыўся раніцай 24 верасня на тэрыторыі абацтва бенедыкцінак на вуліцы Бенедыкцінскай. Каля 09:30 паліцыя атрымала паведамленне пра тое, што мужчына напаў з нажом на іншага чалавека.
Супрацоўнікі паліцыі, якія прыбылі на месца, затрымалі 31-гадовага замежніка. Паводле папярэдніх даных, некалькімі хвілінамі раней ён параніў чатырох мужчын і жанчыну.
Усе пацярпелыя былі дастаўленыя ў бальніцу. Першапачаткова паліцыя паведамляла, што трое мужчын атрымалі сур’ёзныя траўмы. Паводле слоў прэс-сакратаркі паліцыі Яраслава Ганны Длугаш, іх стан пагражаў жыццю.
Пазней Gazeta Jarosławska паведаміла пра смерць аднаго з пацярпелых. Паводле звестак выдання, сярод параненых ёсць святары. Паліцыя на момант публікацыі афіцыйна не пацвярджала смерць пацярпелага і не раскрывала асобы параненых.
Праваахоўныя органы высвятляюць дакладную паслядоўнасць падзей і абставіны нападу. Пра магчымыя матывы затрыманага пакуль не паведамляецца.