Адваката Дзмітрыя Лаеўскага прыгаварылі да трох гадоў калоніі

Мінскі гарадскі суд 9 верасня прыгаварыў адваката Дзмітрыя Лаеўскага да трох гадоў пазбаўлення волі. Пасля абвяшчэння прысуду яго ўзялі пад варту ў зале суда. Пра гэта паведамляе «Вясна» са спасылкай на сябра і былога калегу Лаеўскага Яўгена Пыльчанку.

Лаеўскага прызналі вінаватым па артыкулах аб “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці” і “дыскрэдытацыі Беларусі”. Падставай для абвінавачання сталі інтэрв’ю адваката незалежным беларускім СМІ.

У 2020–2021 гадах Дзмітрый Лаеўскі абараняў Віктара Бабарыку і Максіма Знака. Пасля вынясення прысуду Бабарыку Лаеўскага выключылі з калегіі адвакатаў. Падставай стала яго выступленне ў судовых спрэчках па гэтай справе.

Раней, у 2011–2012 гадах, Лаеўскі прадстаўляў інтарэсы праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Пасля гэтай справы пад ціскам ён быў вымушаны на некалькі гадоў сысці з адвакатуры.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!