Выдавецкая ініцыятыва SayBeat анансавала выхад кнігі выбранага «Чалавечая трагікамэдыя» культавага чэшскага «выклятага філосафа», ніцшэанца, «эгадэіста» Ладзіслава Клімы (1878–1928) у перакладзе Макса Шчура.
У кнігу выбранага ўвайшлі Клімавы раннія творы, аповесць «Славутая Нэмэзіда», апавяданне «Што пасля смерці», п’еса «Чалавечая трагікамедыя», накід п’есы «Гусіты», «Аўтабіяграфія» і афарызмы.
Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Франц Кафка сказаў пра Кліму: «Гэта Майстар; калі б ён пісаў на адной з вялікіх моваў свету, то дасягнуў бы ўсясветнага прызнання». Кліма заставаўся маргінальнай постаццю пры жыцці, але ў другой палове XX і XXI стагоддзях быў прызнаны адным з самых арыгінальных і радыкальных творцаў Еўропы, што апярэдзіў цэлы шэраг літаратурных і філасофскіх кірункаў.
Адкрыццё Клімы для шырокага чытача пачынаецца толькі пасля аксамітнай рэвалюцыі ў Чэхаславакіі ў 1989 годзе. Але і дагэтуль ён быў сапраўдным гуру чэшскага андэграўнду, аўтарытэтам для падпольнай культуры 1970-х – 1980-х гадоў, але і раней, у пасляваенны час, старыя выданні яго даваенных кніг распаўсюджваліся праз самвыдат.
Ён распрацаваў уласную экстрэмальную філасофскую сістэму, якую называў «эгасаліпсізмам» або «дэаэсэнцыяй». У адрозненне ад кабінетных філосафаў, ён практыкаваў свае ідэі на сабе, свядома адмовіўшыся ад маёмасці, сталай працы і сацыяльных нормаў. Яшчэ да Сартра і Камю развіваў ідэі татальнай унутранай свабоды чалавека, абсурднасці свету і неабходнасці самому ствараць уласныя сэнсы і каштоўнасці ў хаатычным свеце.
Узяўшы за аснову канцэпцыю «звышчалавека» Фрыдрыха Ніцшэ, Кліма давёў яе да абсалюту: суб’ект (я) у яго разуменні зʼяўляецца адзіным творцам рэальнасці, «абсалютным богам», які стварае свет сваёй воляй.
Перадзаказ адкрыты да канца кастрычніка.
Заказаць кнігу можна тут.
Прэзентацыя кнігі «Чалавечая трагікамэдыя» Ладзіслава Клімы з удзелам перакладніка Макса Шчура і чэшскай літаратуразнаўцы Яны Коліяшавай адбудзецца на пражскай частцы фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA 1 лістапада.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram