Абвешчаны доўгі спіс прэміі імя Францішка Багушэвіча за 2025 год. У яго ўвайшлі і кнігі, і медыйныя праекты
Журы прэміі імя Францішка Багушэвіча сфармавала доўгі спіс з твораў, выдадзеных у 2025 годзе і намінаваных на конкурс прэміі.
З 24 твораў, уключаных у поўны спіс, у наступны этап конкурсу прайшлі 12 – тыя, што, паводле ацэнкі журы, не толькі адпавядаюць мэтам прэміі, але найбольш выразна і арыгінальна асэнсоўваюць тэмы беларускай гісторыі, культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці.
Сёлета конкурс ізноў засведчыў разнастайнасць падыходаў і формаў: у доўгі спіс увайшлі як кнігі, так і медыйныя праекты – падкасты, блогі і даследаванні, што прапануюць новыя перспектывы для вывучэння гістарычнай спадчыны і пашырэння беларускай культуры.
У доўгі спіс прэміі ўвайшлі:
Кнігі:
«І даўней так пелi: Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі» — Вольга Барышнікава (Skaryna Press, Лондан, 2025).
«Патаемная спадчына. Казкі пра беларускіх жанчын». Том 1 i 2 — фундацыя BYPROSVET (BYPROSVET/Magenta, Варшава, 2025).
«Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці» — Ганна Кандрацюк (выдавецтва Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, Беласток, 2025).
Артыкул у медыя, падкаст, кіно, відэа/відэацыкл, іншае:
Тэлевізійны праект «Сармацкі вус» — аўтар і вядоўца Цімафей Акудовіч.
«Беларусь як «культурное падабенства каланіяльнай Афрыкі», ці Антыкаланіяльнае паўстанне камуніста Аляксея Каўкі» — Таццяна Астроўская (артыкул у часопісе «Topos», Вільня, 2025).
Падкаст «Літаратурныя зацемкі» — Сяргей Дубавец.
Відэаблог пра беларускую кухню «Pr0Food» — Сяргей Мазан.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча, заснаваная ў 1996 годзе, штогод адзначае найлепшыя творы, прысвечаныя гісторыі і культуры Беларусі. Яна закліканая падтрымліваць даследаванні, мастацкія і медыйныя праекты, што ўмацоўваюць беларускую культурную прастору і спрыяюць аднаўленню гістарычнай памяці.