Аблвыканкамы ў Беларусі атрымаюць больш паўнамоцтваў у сферы будаўніцтва

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які пашырае паўнамоцтвы абласных выканкамаў і Мінскага гарвыканкама пры вызначэнні ўмоў праектавання і будаўніцтва аб’ектаў, якія маюць першачарговае значэнне для сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Дакумент карэктуе ўказ ад 2 ліпеня 2025 года № 266.

Аблвыканкамы і Мінгарвыканкам змогуць дазваляць закупкі тавараў, работ і паслуг з адной крыніцы ў дзяржаўных арганізацый не толькі за кошт бюджэтных, але і ўласных сродкаў. Таксама яны атрымаюць права дазваляць высечку драўнінна-хмызняковай расліннасці і продаж нарыхтаванай драўніны, а таксама размяшчэнне аб’ектаў з адступленнем ад зацверджаных праектаў дэталёвага планавання тэрыторый.

Акрамя таго, мясцовыя органы ўлады змогуць дазваляць заказчыкам і забудоўшчыкам самастойна атрымліваць тэхнічныя ўмовы на інжынерна-тэхнічнае забеспячэнне аб’ектаў. Забудоўшчыкам таксама дазволяць выкарыстоўваць вырабленыя ў завадскіх умовах модульныя збудаванні без распрацоўкі праектнай дакументацыі.

Аблвыканкамы і Мінгарвыканкам змогуць вызначаць радовішчы карысных выкапняў, у тым ліку пяску і жвіру, дзе дазваляецца здабыча матэрыялаў для будаўніцтва з паралельным афармленнем матэрыялаў па адвядзенні зямельных участкаў.

Таксама мясцовыя органы ўлады атрымаюць права вызначаць заказчыкаў, якія будуць распрацоўваць праекты дэталёвага планавання тэрыторый за ўласныя сродкі. Раней такія работы выконваліся выключна за кошт бюджэту.

Для паскарэння прыняцця рашэнняў па аб’ектах першачарговага значэння адмяняецца неабходнасць узгадняць адпаведныя рашэнні аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама з Саветам міністраў.

Новыя палажэнні ўказа набудуць моц 1 студзеня 2027 года, паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.