Фото: Совет Европы
Былая палітзняволеная Марыя Калеснікава выступіла ў Страсбургу на цырымоніі ўручэння прэміі імя Вацлава Гавела ў галіне правоў чалавека.
Калеснікава стала лаўрэаткай прэміі Гавела ў 2021 годзе, аднак тады знаходзілася ў зняволенні і не магла атрымаць узнагароду асабіста. У снежні 2025 года яна выйшла на свабоду, а 28 верасня выступіла на цырымоніі прэміі, якую прысуджае Парламенцкая асамблея Савета Еўропы.
У сваёй прамове Калеснікава расказала, што добра памятае момант, калі ў турме даведалася пра прысуджэнне ёй прэміі, і падзякавала тым, хто працягваў гаварыць пра Беларусь і палітзняволеных у гады яе зняволення.
«Я не магу цалкам выказаць словамі, што значыць для мяне сёння стаяць тут і самой звяртацца да вас. Я дзякую ўсім, хто не забываў мяне, хто працягваў гаварыць пра Беларусь і хто верыў у сілу салідарнасці», — сказала яна.
Калеснікава падкрэсліла, што для чалавека, пазбаўленага волі і ізаляванага ад знешняга свету, міжнародная салідарнасць мае цалкам практычнае значэнне.
«Для тых, хто знаходзіцца ў турме і ізаляцыі, у тым ліку без сувязі са знешнім светам, салідарнасць — не сімвал. Гэта веданне, што ты не знік, што цябе не забылі і што гэта не будзе працягвацца вечна», — сказала яна.
Паводле слоў Калеснікавай, рэпрэсіі і ціск закранаюць не толькі палітзняволеных, але і ўсё беларускае грамадства. Пры гэтым яна падкрэсліла, што Беларусь застаецца часткай Еўропы.
«Еўропа не заканчваецца на межах Еўрапейскага саюза. Гэта больш, чым геаграфія і інстытуты. Гэта прастора чалавечай годнасці, свабоды і адказнасці адно за аднаго. Гэта каштоўнасці, якімі беларусы па-ранейшаму імкнуцца жыць. Менавіта таму Беларусь застаецца часткай Еўропы. А частка Еўропы, якая знаходзіцца ў небяспецы, не павінна быць ізаляваная», — заявіла Калеснікава.
Яна таксама расказала пра ўласны досвед ізаляцыі ў зняволенні: чалавека адразаюць ад знешняга свету і паступова прымушаюць паверыць, што пра яго забылі, і такое становішча застанецца назаўсёды. Супрацьстаяць гэтаму, паводле яе слоў, дазваляюць надзея і салідарнасць.
Асобна Калеснікава падзякавала сваёй сястры Таццяне Хоміч, якая падчас яе зняволення прадстаўляла яе інтарэсы і дамагалася яе вызвалення.
«Калі ў мяне не было голасу, яна стала маім голасам. Калі ў мяне не было свабоды, яна змагалася за маю свабоду. Нягледзячы на незлічоныя пярэчанні, перашкоды і нявер’е, яна прабіла лёд абыякавасці. Я стаю тут сёння таму, што яна ніколі не здавалася», — сказала Калеснікава.
Марыя Калеснікава заклікала еўрапейскія краіны працягваць падтрымліваць беларускае грамадства і палітзняволеных, а таксама абараняць незалежнасць краіны.
«Я прашу вас не пакідаць Беларусь сам-насам з расійскім дамінаваннем. Падтрымлівайце тых, хто застаецца ў краіне, і тых, хто застаецца ў турме. Дапамагайце захоўваць жывым беларускае грамадства. Дапамагайце абараняць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі. Таму што Беларусь належыць Еўропе, і Еўропа не можа адвярнуцца. Еўропа большая за Еўрапейскі саюз, і яе адказнасць не заканчваецца на яго межах», — заявіла Калеснікава.
Прэмія імя Вацлава Гавела ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2013 годзе і штогод уручаецца ПАСЕ ў партнёрстве з фондам «Хартыя 77» за выдатную дзейнасць грамадзянскай супольнасці ў абарону правоў чалавека ў Еўропе і за яе межамі.
Першым лаўрэатам прэміі ў 2013 годзе стаў праваабаронца Алесь Бяляцкі. У розныя гады яе таксама атрымлівалі азербайджанскі праваабаронца Анар Мамедлі, расійская праваабаронца Людміла Аляксеева, украінскі журналіст і праваабаронца Максім Буткевіч і іншыя. Сёння прэмія імя Вацлава Гавела была ўручаная іранскай праваабаронцы Насрын Сатудэ. Кандыдаткамі на атрыманне прэміі былі амерыканская журналістка іранскага паходжання Масіх Алінежад і венгерская праваабаронца Марта Пардаві.