Reform.news

Беларусь прапанавала Польшчы правесці кансультацыі наконт плота ў Белавежскай пушчы

Рэдакцыя Reform.news · 27 лістапада 2026, 13:02

https://reform.news/be/belarus-prapanavala-polshchy-pravesci-kansultacyi-nakont-plota-belavezhskaj-pushchy/

Беларускі бок прапанаваў польскаму правесці кансультацыі па пытанні памежнага плота ў Белавежскай пушчы. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў на ўрачыстым пасяджэнні Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, прымеркаваным да 70-годдзя яе стварэння.

“Мы прапанавалі польскаму боку кансультацыі ў рамках будучага візіту рэактыўнай маніторынгавай місіі ЮНЕСКА і Міжнароднага саюза аховы прыроды, які адбудзецца на аб’екце «Белавежская пушча» ў 2027 годзе”, — сказаў ён, перадае БелТА.

Нагадаем, памежны плот быў узведзены Польшчай у адказ на ўзмацненне міграцыйнага ціску з беларускага боку, калі Лукашэнка адмовіўся ахоўваць беларуска-польскую мяжу і заявіў, што будзе прапускаць праз яе мігрантаў, якія спрабуюць незаконна трапіць на тэрыторыю краін Еўрасаюза.

“Валюнтарысцкае рашэнне Польшчы аб узвядзенні штучнага бар’ера, адмова ад супрацоўніцтва ў рамках нашага агульнага аб’екта, уключанага ў Спіс спадчыны ЮНЕСКА, не спрыяе захаванню біяразнастайнасці і гістарычнай каштоўнасці, якімі мы заўсёды шчыра ганарыліся. Гэта таксама перашкаджае стварэнню нармальных умоў для ўзаемадзеяння з мэтай захавання гэтага аб’екта”, — прадставіў Рыжанкоў бачанне беларускага боку.

Рэклама

Пакінуць адказ