Ціханоўская прапанавала Тшаскоўскаму штогод праводзіць «Дні Беларусі ў Варшаве»
Рэдакцыя Reform.news · 26 лістапада 2026, 17:50
https://reform.news/be/cihano-skaja-prapanavala-tshasko-skamu-shtogod-pravodzic-dni-belarusi-varshave/Святлана Ціханоўская прапанавала штогод праводзіць «Дні Беларусі ў Варшаве» пры падтрымцы гарадскіх уладаў, а таксама дадаць беларускую мову на афіцыйны сайт сталічнай мэрыі. З гэтымі ініцыятывамі яна выступіла 26 лістапада на сустрэчы з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім у сваім новым офісе.
Як паведамілі ў Офісе Ціханоўскай, асаблівая ўвага на сустрэчы была нададзеная падтрымцы беларускай супольнасці і новым магчымасцям супрацоўніцтва з горадам. Адзначаецца, што цяпер у Варшаве пражываюць больш за 100 тысяч беларусаў.
Прапанаваная Ціханоўскай праграма «Дзён Беларусі ў Варшаве» прадугледжвала б правядзенне культурных і памятных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Волі, Дня годнасці 9 жніўня, Ночы расстраляных паэтаў і Дзядоў.
Ціханоўская таксама прапанавала зрабіць Кубак імя Мікіты Мелказёрава — футбольны турнір салідарнасці з беларускімі палітвязнямі — сумеснай традыцыяй беларускай супольнасці і Варшавы. Яна запрасіла каманду мэрыі ўзяць удзел у турніры ў 2027 годзе.
Яшчэ адна ініцыятыва тычыцца дадання беларускай мовы на афіцыйны сайт мэрыі Варшавы, каб беларусы маглі атрымліваць інфармацыю пра гарадскія паслугі і магчымасці на роднай мове.
«За апошнія гады Варшава стала домам для тысяч беларусаў. Тут нашы дзеці ходзяць у школы, беларусы адкрываюць сваю справу, ствараюць культурныя праекты, праводзяць спартыўныя мерапрыемствы. І мне вельмі важна, каб беларусы мелі магчымасць захоўваць сваю культуру, адзначаць нашы святы і разам шанаваць памяць тых, хто змагаўся за свабодную Беларусь», — заявіла Ціханоўская.
Яна таксама падзякавала Варшаве і асабіста Рафалу Тшаскоўскаму за падтрымку беларускай мовы, культуры і нацыянальных сімвалаў.


