Reform.news

Сікорскі: Польшча чакае легалізацыі Саюза палякаў у Беларусі і спынення ціску на святароў

Рэдакцыя Reform.news · 26 лістапада 2026, 16:44

https://reform.news/be/sikorski-polshcha-chakae-legalizacyi-sajuza-paljaka-u-belarusi-i-spynennja-cisku-na-svjataro/

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі выступіў перад Сенатам 26 лістапада і прадставіў даклад аб напрамках палітыкі ў дачыненні да польскай дыяспары. Частка даклада тычылася Беларусі.

Сікорскі вітаў вызваленне палітвязняў у Беларусі, у тым ліку Анджэя Пачобута, і нагадаў, што ў беларускіх турмах застаюцца грамадзяне Польшчы.

«Мы паслядоўна выступаем за захаванне правоў палякаў у гэтай краіне, асабліва права на свабоднае аб’яднанне і вывучэнне роднай мовы. Мы высока цэнім той факт, што ўлады ў Мінску вызвалілі многіх палітычных вязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута. У той жа час мы не забываемся пра тых нашых суайчыннікаў, якія дагэтуль не здабылі свабоду», — заявіў кіраўнік польскага МЗС.

Сікорскі асобна закрануў тэму карт паляка і адзначыў, што беларускія ўлады дыскрымінуюць іх уладальнікаў.

«Мы падтрымліваем імкненне Саюза палякаў у Беларусі дамагчыся яго паўторнай легалізацыі ўладамі ў Мінску. Мы адмоўна ацэньваем дыскрымінацыйнае стаўленне да ўладальнікаў карты паляка, асабліва ў дзяржаўным сектары. Хачу супакоіць беларускія ўлады: карта пацвярджае прыналежнасць да польскага народа, але не перашкаджае быць лаяльным грамадзянінам Беларусі ці любой іншай краіны», — сказаў міністр замежных спраў Польшчы.

Нагадаем, паводле беларускага заканадаўства дзяржслужачым і сілавікам забаронена атрымліваць ад іншых дзяржаў дакументы, «якія даюць права на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю».

Сікорскі таксама звярнуў увагу на праблему польскіх святароў, якіх беларускія ўлады вымушаюць пакінуць краіну.

«Мы таксама чакаем, што беларускія ўлады спыняць ціск на польскіх святароў, дазволяць ім свабодна ажыццяўляць пастырскае служэнне і не будуць ставіць іх перад выбарам: адмовіцца ад польскага грамадзянства на карысць беларускага або прымусова пакінуць краіну», — заявіў Сікорскі.

Рэклама

Пакінуць адказ