Reform.news

Пераход у новую расу і збор грошай пад выглядам «энергаабмену» – 16 удзельнікаў секты будуць судзіць у Беларусі

Рэдакцыя Reform.news · 20 лістапада 2026, 10:35

https://reform.news/be/perahod-u-novuju-rasu-i-zbor-groshaj-pad-vygljadam-jenergaabmenu-16-udzelnika-sekty-buduc-sudzic-u-belarusi/

У Беларусі завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 16 удзельнікаў незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі «ИВДИВО» (Изначально Вышестоящий Дом Изначально Вышестоящего Отца), якая дзейнічала з 2010 года ў Мінску, Віцебску, Жлобіне, Барысаве і Смалявіцкім раёне.

Як паведамілі ў Следчым камітэце, пад выглядам філасофскіх гурткоў і клубаў удзельнікі арганізацыі распаўсюджвалі акультнае вучэнне аб іерархіі «вышэйшых сіл» і пераходзе чалавецтва ў новую расу. Яго ідэйным натхняльнікам следчыя называюць грамадзяніна Расіі Віталя Сердзюка.

Сцвярджаецца, што ў арганізацыю ўцягвалі пераважна людзей, якія перажылі цяжкія жыццёвыя крызісы. Удзельнікі праводзілі «богаслужэнні» і розныя абрады, прыцягвалі да сваёй дзейнасці дзяцей. Унутры арганізацыі дзейнічала строгая іерархія. Паводле даных следства, з паслядоўнікаў збіралі грошы пад выглядам «энергаабмену». У абмен на перадачу матэрыяльных каштоўнасцей ім абяцалі «ачышчэнне», а таксама прапаноўвалі платныя містычныя курсы. Устаноўлены следствам даход ад гэтай дзейнасці перавысіў 220 тысяч рублёў.

Для прыкрыцця сваёй дзейнасці ўдзельнікі «ИВДИВО» выкарыстоўвалі афіцыйна зарэгістраваныя аб’яднанні і клубы. Патрабаванні аб рэгістрацыі рэлігійнай арганізацыі яны ігнаравалі, а падчас следства спасылаліся на ўказанні «вышэйшых сіл» праз Сердзюка.

Праведзеныя экспертызы прызналі ўсіх фігурантаў асуднымі.

Дзеянні 16 фігурантаў кваліфікаваныя паводле артыкула 193¹ КК Беларусі (незаконная арганізацыя дзейнасці рэлігійнай арганізацыі і ўдзел у ёй). Матэрыялы крымінальнай справы перададзены пракурору для наступнага накіравання ў суд. Расследаванне ў дачыненні да іншых асоб працягваецца.

Рэклама

Пакінуць адказ