Reform.news

Рэпартаж. «Самае галоўнае — не калі мы вернемся, а якімі»: як у Варшаве прайшла прэм’ера Купалаўцаў Émigré Cabaret «Адысея»

Ганэта Чарняўская · 18 лістапада 2026, 16:36

https://reform.news/be/z-mescza-padzej-yak-prajsho-spektakl-kupala-cza-adyseya/

Ад рэдакцыі. «Культурны фронт» Reform.news пашырае рубрыку аўтарскіх тэкстаў жывымі рэпартажамі ад першай асобы — пра падзеі, атмасферу і людзей вакол нас. Першы матэрыял — з варшаўскай прэм’еры спектакля Купалаўцаў Émigré Cabaret «Адысея» ў пастаноўцы ўкраінскага рэжысёра Мікалая Мішына.

***

Восень у Варшаве – не для слабакоў: яшчэ да 16 гадзін імкліва змяркаецца, хутка настае ноч. Спектакль пачынаўся а 19-й у Замку Уяздоўскім, і ісці па парку, хоць і каралеўскаму, было малапрыемным заняткам: на ліхтарах тут відавочна эканомяць, не тое што ў Мінску. Яшчэ і Замак Уяздоўскі, пазначаны на ўваходным квітку, аказаўся не маёй лакацыяй. За яго дзвярамі для такіх заблукалых наведнікаў месцілася таблічка: «Лабараторыя ў будынку побач». Побач знайшлася нейкая аднапавярховая сядзіба з мансардамі, мала падобная да тэатра. Але ўказальнік каля яе сведчыў: Émigré Cabaret «Odyseja» адбудзецца менавіта тут.

Будынак Лабараторыі пры Цэнтры сучаснага мастацтва “Замак Уяздоўскі”. Фота: reform.news

Шматабяцальная зала

Сціплы будынак былога арсеналу аказаўся нашпігаваны сучасным абсталяваннем і нават – што нечакана – з ліфтам. Яго думалі ў свой час знесці, але прыстасавалі пад мастацкія патрэбы арт-цэнтра Замак Уяздоўскі і ператварылі ў культавае месца для відэа-перформансаў, эксперыментальнай музыкі, тэатральных пастановак і аўтарскага кіно.

Невялікая, але па-сучаснаму абсталяваная тэатральная зала з прафесійным святлом і гукам, паступова запаўнялася гледачамі. «Эмігранцкае кабарэ – што гэта можа быць? – каментуе польскія субцітры маладая пара за маёй спінай. – Актораў заяўлена чацьвёра, а па бакам – нібы аркестр размесціцца».

Сцэна Émigré Cabaret «Адысея». Фота: reform.news

Сапраўды, сцэна выглядае шматабяцальна: круглы памост па цэнтры, а паабапал – месцы для музыкаў. «Ну, значыць будзе шмат музыкі», – падсумоўваюць маладыя людзі. І крыху памыляюцца: гукавыя эфекты з гэтага рыштунку вытвараюць толькі пюпітры, якія падаюць з эфектам даміно, калі на іх натыкаецца ў цемры Дзяніс Дудзінскі. Дарэчы, акторы граюць саміх сябе – людзей, якія прыйшлі выконваць свае ролі ў спектаклі, але з-за фарс-мажорнай сітуацыі мусяць на хаду нешта выдумляць. Атрымліваецца вельмі смешна. Зала перыядычна выбухае рогатам.

Сцэна з Émigré Cabaret «Адысея». Фота: reform.news

Эмацыйныя арэлі

Але ж гэта кабарэ, што рэалізуецца на эксперыментальнай пляцоўцы. Сам жанр прадугледжвае нелінейны сюжэт. Уладзімір Пугач то стварае музычнае суправаджэнне палымяным маналогам іншых актораў, то выконвае свае музычныя кампазіцыі. Дзяніс Дудзінскі перыядычна і без поспеху спрабуе замяніць усіх адсутных і прысутных, выконваючы ролю то канферансье, то актора. Валянціна Гарцуева мяняе касцюмы і па-майстэрску пераўвасабляецца ледзь не ва ўсе апісаныя Гамерам жаночыя ролі. Сяргей Чуб старанна выконвае галоўную ролю Адысея і робіць выгляд, што ўсё так і трэба… Дарэчы, пра Адысея.

Сцэна з Émigré Cabaret «Адысея». Фота: reform.news

Тэкст Гамера ўрэшце згадваюць. Аўтар п’есы і рэжысёр Мікалай Мішын бязлітасна змяшчае гледача на эмацыйныя арэлі. Менавіта Сяргей Чуб пераключае эмацыйны тумблер. Адысей спускаецца ў царства Аіда, каб паразмаўляць з тымі, хто сышоў, і раптам пачынае ледзь чутна гучаць «Купалінка». Асацыяцыі такія, што адчуваеш мурашкі па скуры. «Да вас я звяртаюся, тых, хто загінуў у крывавым баі… Зʼявіцеся тыя, каму ёсць што сказаць нам, жывым…». І мы разумеем (пасля «Купалінкі»), пра што гэта.

Сцэна з Émigré Cabaret «Адысея». Фота: reform.news

Ён цытуе словы старога прадракальніка Тырэсія: «Паслухай мяне шматпакутны ты трапіш дадому, але не такім, якім быў, калі ты сыходзіў. І пральецца шчэ мора крыві, перш чым зброя замоўкне»… Цішыня ў зале наступае поўная, не чуеш і свайго дыхання.

Рэжысёр дастае з Гамера самыя балючыя кавалкі.

У сцэне з Цырцэяй Адысей ідэнтыфікуе сябе – не як героя, а як чалавека, які бярэ на сабе адказнасць за край і сямʼю. І толькі тады атрымлівае магчымасць вярнуцца на радзіму.

А напрыканцы дзеі – кабарэ як кабарэ – гучыць вясёлая песня, і зала ўстае – адным супольным рухам.

Украінскі рэжысёр Мікалай Мішук. Фота: reform.news

Сустрэча з рэжысёрам, які ўсё тлумачыць

Як украінскі рэжысёр змог так нас зразумець і адчуць нашы самыя болевыя кропкі? З дапамогай твора Гамера? Праз уласны досвед? Зразумела, што роля актораў у стварэнні гэтай п’есы была істотнай, але як гэта адбывался? Адказы на гэтыя пытанні нечакана атрымліваю на выхадзе з тэатра.

«Мы доўга шукалі матэрыял, які б дапамагаў беларусам, – адказвае Мікалай Мішын, які стаіць каля будынка лабараторыі ў кампаніі беларусаў. – Такі матэрыял, які б адначасова натхняў і даваў магчымасць паразмаўляць пра нейкія сурʼёзныя рэчы, звязаных і з эміграцыяй, і са стратай радзімы, і з той несправядлівасцю, якая адбываецца ў краіне. Мы доўга шукалі, што гэта магло б быць.

Спачатку нарадзілася тэма Émigré Cabaret. А ўжо пасля ўжо ўзнікла тэма Адысея, таму што беларусы, як і Адысей, ніяк не могуць трапіць дадому. І з гэтага моманту мы дамовілася зрабіць пʼесу з такім наборам інструментаў, якія б маглі дапамагчы чалавеку, які знаходзіцца ў той жа сітуацыі, што і Адысей. То-бок там унутры закладзеныя розныя механізмы, якімі глядач можа скарыстацца для таго, каб не зварʼяцець, для таго, каб ідэнтыфікаваць сябе і зразумець, хто ён. Бо самае галоўнае не калі мы вернемся, а якімі мы вернемся.

Я правёў некалькі доўгіх гутарак з кожным з артыстаў, каб зразумець іх болевыя кропкі, пра што яны самі хочуць размаўляць. І праз смех і плач, праз усе гэтыя эмоцыі мы пастараліся абʼяднаць людзей, якія знаходзяцца ў зале, каб даць ім агульную надзею».

Тады ў мяне зʼявілася наступнае пытанне: як украінец змог так зразумець беларусаў і ўвогуле – упісацца ў гэты праект.

«Разам з беларускімі акторамі мы шукалі, што важна для беларусаў менавіта цяпер, – удакладняе рэжысёр. – А мне важна – падтрымаць вас і дапамагчы, таму што беларусы вельмі шмат украінцам дапамагаюць. Я лічу, што мы павінны адно аднаму дапамагаць, таму што ў нас агульны вораг і падобныя праблемы. І мне хацелася зрабіць нешта па-сапраўднаму праўдзівае, чалавечае, каб даць магчымасць людзям адчуць сябе людзьмі».

Наступныя прэмʼеры – сёння і заўтра, 18 і 19 лістапада. Аднак квіткі, як пазначана на сайце, «wyprzedany». Мы абавязкова паведамім, калі раптам адбудуцца наступныя паказы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Рэклама

Пакінуць адказ