Reform.news

Падляшскі дуэт Sw@da x Niczos выпусціў новы альбом «RYT-M» — у яго стварэнні ўдзельнічалі беларускія творцы

Reform.news · 16 лістапада 2026, 14:10

https://reform.news/be/swda-x-niczos-vypusczili-drugi-po-d1-9enafarmatny-albom/

Папулярны падляшскі дуэт Sw@da x Niczos прадставіў новы студыйны альбом «RYT-M». Запісвалі рэліз у Беластоку і Бельску-Падляшскім, а да працы над рэлізам далучылася шмат беларускіх творцаў.

«RYT-M» — гэта шматвымерная гісторыя пра смерць, каханне, складаныя эмоцыі і ачышчэнне, паглыбленая ў традыцыі Падляшша і адначасова адкрытая да сучаснага глабальнага клубнага гучання.

Новая праца — поўная супярэчнасцяў. З аднаго боку, альбом звяртаецца да глыбокіх традыцыйных вытокаў і закранае тэмы, якія належаць да найбольш універсальных чалавечых перажыванняў. З іншага — з уласцівай дуэту іранічнасцю фліртуе з дынамічнымі інтэрнэт-трэндамі і сучаснай клубнай культурай.

Назва «RYT-M» адсылае адначасова да рытуалу і да танца. Гэта запрашэнне да ўласцівага продкам супольнага перажывання музыкі, у якой рытм стварае ўмовы для самавыяўлення, сустрэчы з іншымі і вызвалення эмоцый.

«Мы цешымся, калі на нашых канцэртах людзі розных нацыянальнасцяў адрываюцца разам. Гэта сіла, якая павінна аб’ядноўваць», — кажуць артысты.

У музычным плане рэліз не трымаецца аднаго жанру: вакол клубнай электронікі Sw@da x Niczos змяшалі амапіяна, фонк, бразільскі фанк, эксперыменты з басамі і дабстэп. Тэксты песень напісаныя на падляшскай гаворцы — шмат у чым праз гэта дуэт стаў вельмі блізкім і папулярным сярод беларускай публікі.

Тур у падтрымку альбома стартуе ўжо ў гэты чацвер, 19 лістапада, у Беластоку — сталіцы Падляшша, дзе гістарычна жыве шмат беларусаў і сфармавалася адна з найбуйнейшых беларускіх дыяспар.

Слухаць «RYT-M» можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Рэклама

Пакінуць адказ