Reform.news

Кантрабандныя цыгарэты ў аўтацыстэрнах – беларусам у Расіі пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі

Рэдакцыя Reform.news · 16 лістапада 2026, 13:06

https://reform.news/be/kantrabandnyja-cygarjety-a-tacystjernah-belarusam-u-rasii-pagrazhae-da-12-gado-pazba-lennja-voli/

Расійскія мытнікі канфіскавалі ў Падмаскоўі больш за 741 тыс. пачак немаркіраваных цыгарэт коштам звыш 113 млн расійскіх рублёў (каля 1,24 млн еўра). Паводле даных Федэральнай мытнай службы (ФМС) Расіі, цыгарэты ўвозілі з Беларусі ў аўтацыстэрнах. Пры перагрузцы партыі затрымалі грамадзян Беларусі.

Супрацоўнікі Цэнтральнай аператыўнай мытні выявілі цыгарэты, упакаваныя ў скрынкі, на адной з пляцовак у Падмаскоўі. Як паведаміла ФМС, на допыце затрыманыя сказалі, што ведалі пра расійскія патрабаванні да абароту тытунёвай прадукцыі і збіраліся прадаваць цыгарэты ў Расіі. Колькасць затрыманых ведамства не ўдакладніла.

Крымінальную справу распачалі паводле ч. 3 арт. 226.1 КК РФ — аб кантрабандзе стратэгічна важных тавараў у буйным памеры, учыненай арганізаванай групай. Паводле даных ФМС, мужчынам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Затрыманых змясцілі ў следчы ізалятар. Расследаванне працягваецца.

Рэклама

Пакінуць адказ