56-ты месяц вайны: Украіна другі месяц запар вызваляе тэрыторыю, гуманітарнае перамір’е на Дняпры
Рэдакцыя Reform.news · 3 лістапада 2026, 12:52
https://reform.news/be/56-ty-mesjac-vajny-ukraina-drugi-mesjac-zapar-vyzvaljae-tjerytoryju-gumanitarnae-peramir-e-na-dnjapry/Кастрычнік, магчыма, стаў для войскаў акупантаў другім запар месяцам з чыстай стратай тэрыторыі і рэкорднымі стратамі асабовага складу.
Украіна захавала ініцыятыву на шэрагу ўчасткаў фронту, а яе далёкія ўдары пасля часовага перапынку працягнулі разбураць маскавіцкую нафтаперапрацоўку і ваенную вытворчасць.

Масква, у сваю чаргу, працягвае ракетныя і дронавыя ўдары па ўкраінскай грамадзянскай энергетыцы, лічбавай і транспартнай інфраструктуры, разлічваючы стварыць ціск на грамадства перад зімой.
Самай прыкметнай падзеяй месяца стала нечаканае гуманітарнае перамір’е вакол захопленага маскавітамі горада Алешкі, якое дазволіла эвакуіраваць усіх ахвотных мірных жыхароў.
Становішча на фронце
Войскі РФ працягвалі атакі ў Данецкай, Харкаўскай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцях, але не дабіліся аператыўнага прарыву або абвалу ўкраінскай абароны. Лінія фронту ў цэлым заставалася адносна статычнай, пры гэтым Масковія несла непрапарцыйна высокія страты за абмежаваныя тэрытарыяльныя набыткі.
Паводле ацэнкі Інстытута вывучэння вайны, у кастрычніку маскавіцкія войскі захапілі каля 139,85 км², але страцілі 167,14 км². Чысты тэрытарыяльны вынік для Масквы склаў мінус 27,29 км². Гэта другі месяц запар, калі Расія губляе больш тэрыторыі, чым захоплівае: у верасні чыстая страта ацэньвалася прыкладна ў 80,81 км².
Генеральны штаб Украіны ацаніў страты праціўніка ў 54.400 забітымі або цяжкапараненымі ў кастрычніку 2026 года – гэта самы высокі ўзровень нанесеных маскавітам месячных чалавечых страт за ўсю вайну.
Пры гэтым, калі войскі РФ працягваюць атакаваць у раёне Дабраполля ў Данецкай вобласці, то ўкраінскія захапілі ініцыятыву ў раёне Купянска, Лімана і Аляксандраўкі.
Нечаканае лакальнае перамір’е
Нечаканым выключэннем з агульнай логікі вайны стала лакальнае перамір’е вакол акупаванага горада Алешкі (насельніцтва 2000 чалавек) у Херсонскай вобласці.
У Алешках, акупаваных Расіяй у пачатку вялікай вайны, восенню 2026 года склалася вельмі цяжкая сітуацыя — жыхары засталіся без ежы, святла і нармальнай медыцынскай дапамогі. Бяспечна пакінуць горад яны не маглі.
Паводле ўкраінскай версіі, населены пункт выкарыстоўваўся войскамі РФ для ўдараў дронамі па мірным насельніцтве Херсона, які знаходзіцца насупраць, праз раку Дняпро. Пры гэтым мірнае насельніцтва ўтрымлівалася маскавітамі ў будынках у якасці жывога шчыта, але забяспечвалася імі па рэшткавым прынцыпе.
Паводле версіі РФ, гуманітарная катастрофа ўзнікла выключна па віне ўкраінскіх войскаў, якія дыстанцыйна мініравалі і абстрэльвалі пад’езды да населенага пункта.
23 кастрычніка Расія і Украіна абвясцілі пра дамоўленасці аб спыненні агню ў Алешках, дасягнутыя пры пасярэдніцтве першай лэдзі ЗША Меланіі Трамп. Перамір’е ўступіла ў сілу 27 кастрычніка і дазволіла пачаць дастаўку гуманітарнай дапамогі і эвакуацыю жыхароў праз гуманітарныя калідоры.

Reuters апісаў аперацыю як першую паспяховую сумесную гуманітарную акцыю за чатыры гады і восем месяцаў вайны. Гэтая падзея не азначала агульнага спынення агню, але паказала, што нават ва ўмовах вайны магчымыя вузкія, тэхнічна абмежаваныя дамоўленасці — калі ў бакоў ёсць канкрэтны гуманітарны інтарэс і знешні пасярэднік.
У выніку жыхары горада, скарыстаўшыся перамір’ем, выехалі, у асноўным, ва Украіну.
Страты маскавіцкай авіяцыі
Важнай падзеяй месяца таксама сталі рэзка ўзрослыя страты ваеннай авіяцыі РФ.
Найбольш значным эпізодам стаў удар Украіны па аэрадроме Барысаглебск у Варонежскай вобласці ў ноч на 15 кастрычніка. Паводле спадарожнікавых здымкаў, прааналізаваных ISW, былі знішчаны чатыры Су-34, а ўкраінскі Генштаб паведамляў пра пашкоджанне яшчэ двух Су-34М. Гэта асабліва адчувальная страта: Су-34 — асноўны носьбіт планіруючых авіябомбаў, якія прымяняюцца Расіяй для ўдараў па ўкраінскіх гарадах і прыфрантавых пазіцыях.
29 кастрычніка ўкраінскія сілы заявілі пра знішчэнне яшчэ двух Су-34 на аэрадроме Марыніўка ў Валгаградскай вобласці.
Акрамя паражэнняў на аэрадромах, расійская авіяцыя несла страты ад аварый і тэхнічных адмоў. Адкрытыя крыніцы фіксавалі крушэнне двух Су-30СМ у Калінінградскай вобласці 21 кастрычніка, пажар і поўнае выгаранне Су-57 на аэрадроме Ахтубінск 29 кастрычніка, а таксама страту аднаго або двух верталётаў Мі-8 на працягу месяца.

Сумарна праектам страты ваеннай авіяцыі маскавітаў ацэньваюцца ў 11-13 самалётаў і 1-2 верталёты.
У выніку авіяцыя РФ працягвае заставацца важным інструментам вайны — перш за ўсё за кошт планіруючых бомбаў і ўдараў па ўкраінскай інфраструктуры, — але яе ўразлівасць на аэрадромах у кастрычніку па нейкіх прычынах магла прыкметна вырасці. Украінскія ўдары ракетамі і дальнабойнымі дронамі паказалі, што нават самалёты, якія стаяць у глыбіні расійскай тэрыторыі, больш не могуць лічыцца цалкам абароненымі.
Будзем назіраць, ці захаваецца гэтая тэндэнцыя.
Наш ваенны эксперт Багдан Кухановіч вядзе «Дзённік вайны» з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну.
