Каля беларускай царквы ў Антверпене пакінулі каністру з піратэхнікай
Рэдакцыя Reform.news · 2 лістапада 2026, 09:52
https://reform.news/be/kalja-belaruskaj-carkvy-antverpene-pakinuli-kanistru-z-piratjehnikaj/У нядзелю раніцай каля царквы Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў Антверпене была пакінута каністра бензіну з піратэхнікай. Як паведаміла VRT, на месца былі выкліканыя сапёры, крыміналісты.
Па гарачых слядах затрыманы адзін чалавек. Быў канфіскаваны яго аўтамабіль. Датычнасць затрыманага да інцыдэнту расследуецца.
У гэтай царкве праводзяцца службы Беларускай грэка-каталіцкай царквы.
“Сёньня каля нашай царквы Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса ў Антвэрпэне адбылося трывожнае здарэньне, пра якое ўжо паведамілі бэльгійскія СМІ.
Дзякуем Госпаду, што ўсё абышлося добра і ніхто не пацярпеў!
Шчыра дзякуем паліцыі і ўсім спэцыяльным службам за хуткае рэагаваньне і клопат пра бясьпеку людзей”, – напісаў у Facebook святар Іван Майсейчык.
Паводле яго слоў, з-за здарэння давялося адмяніць нядзельную літургію.
