Цяпер і ў Празе. Фестываль Pradmova пройдзе ў чэшскай сталіцы ўжо на гэтых выходных
Reform.news · 29 кастрычніка 2026, 17:06
https://reform.news/be/cjaper-i-praze-festyval-pradmova-projdze-chjeshskaj-stalicy-zho-na-gjetyh-vyhodnyh/З 30 кастрычніка па 1 лістапада 2026 года ў Празе пройдзе фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova, які аб’ядноўвае беларускіх аўтараў, даследчыкаў, выдаўцоў і чытачоў у розных еўрапейскіх гарадах. Фестывальныя праграмы ўжо адбыліся ва Уроцлаве і Вільні, а ў лістападзе перамесцяцца ў Варшаву.
Тры дні беларускай літаратуры ў Празе – гэта прэзентацыі новых кніг, сустрэчы з пісьменнікамі і перакладчыкамі, дыскусіі пра літаратуру, гісторыю і сучасную Беларусь, паэтычныя вечары, кінапаказы, абавязковы кніжны кірмаш і выстава работ беларускіх палітвязняў.
Сёлетняя тэма Pradmova – «Чужая Бацькаўшчына».

Фэст пачнецца з прэзентацыі «Доўгай дарогі дадому» Васіля Быкава
Выдавецтва «Камунікат» выпусціла новае друкаванае выданне мемуараў Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому» – спавядальны ўспамін пра дзяцінства на Віцебшчыне, вайну і сутыкненні з савецкай сістэмай. Кнігу пісьменнік пісаў напрыканцы свайго жыцця, знаходзячыся ў вымушанай эміграцыі ў Еўропе. Прэзентацыя новага выдання «Доўгай дарогі дадому» Васіля Быкава будзе прысвечаная не толькі самой аўтабіяграфіі пісьменніка, але і гісторыі яе стварэння. Аляксандр Лукашук раскажа, як гэта адбывалася і чаму гэтай кнігі магло не быць.

Прэзентацыі кніг: мастацкая літаратура
У «Віленскай сэрыі» выдавецтва «Скарына» выйшлі творы Цёткі на лацінцы. Уладзіслаў Гарбацкі і Ігар Іваноў пагутараць пра актуальнасць беларускай лацінкі на прыкладзе твораў Цёткі, але і многіх іншых літаратараў ды літаратарак.
Вакол новага рамана Альгерда Бахарэвіча «Падземныя пераходы» на тэму «Свая і чужая Бацькаўшчына» паразважаюць сам аўтар, яго рэдактар Сяргей Шупа і выдавец Андрэй Янушкевіч.
З нагоды кнігі Макса Шчура «Раз’юшанасьць і любоў» аўтар і выдавец Павел Лягчылаў пагавораць пра аўтафікшн, антылітаратуру, бітніцкую традыцыю, гонза-журналістыку і свабоду мастацкага выказваньня. Асобная ўвага – кліматычнаму і палітычнаму актывізму, асабістаму досьведу ўдзелу ў пратэстах і пошуку месца літаратуры ў сьвеце, які імкліва зьмяняецца.
Уладзімір Казлоў у рамане «Юго-запад» апісвае ўласнае жыццё ў другой палове 1990-х – перыяд, калі фармавалася тая Беларусь, якую мы ведаем сёння. Прыватная гісторыя перарастае ў аўтабіяграфічны эпас: праз лірычны дзённік вымалёўваецца карціна пераломнай эпохі, спадчына якой працягвае ўплываць на нас і сёння. З аўтарам будзе размаўляць Цімур Кудзеліч.
У рамках прэзентацыі зборніка іншасказальных і гратэскных апавяданняў Сяргея Абламейкі «Горная краіна» аўтар разам з Аляксандрам Лукашуком і Янам Максімюком пагавораць пра сучасны стан жанру кароткага апавядання ў беларускай і сусветнай літаратуры. Абмяркоўвацца будзе, сярод іншага, творчасць Нобелеўскай ляўрэаткі па літаратуры Эліс Манро, якая пісала кароткія апавяданні і навэлы.
Прэзентацыя кнігі Аляксандра Лукашука «Незавершанасць. Тонкая кніга» стане нагодай паразважаць пра незвычайны для аўтара паварот – ад дакументальных і гістарычных даследаванняў да кнігі пра любоў, паэзію, памяць і ўласнае жыццё. Сам Лукашук іранічна заўважае, што «выдаваць першую кніжку пра любоў у 70 гадоў даволі сумнеўна», але менавіта любоў – як прысутнасць, успамін і спроба зразумець іншага чалавека – становіцца адным з цэнтраў гэтай кнігі. З удзелам Яраслава Іванюка.
«Ляці ляці сюрыкэн» – кніга, напісаная беларускай Лусінэ ў Празе. Што значаць для аўтаркі дзве мовы паэзіі – беларуская і чэшская? Гэта свабода ці вымушанасць? Гэта пераходны стан ці дасягнутая паўната? Ці памежжа – гэта і ёсць свабода – слова+рух+музыка+візуалізацыя? Удзельнічаюць: Дзмітрый Строцаў, Лусінэ.
Да 40-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы выдавецтва «Пфляўмбаўм» рыхтуе зборнік эсэ «Пакаленне Чарнобыля: галасы з Беларусі і Украіны». У кнігу ўвайшлі тэксты беларускіх і ўкраінскіх аўтарак, якія па-рознаму звяртаюцца да досведу Чарнобыля – асабістага, сямейнага і калектыўнага. Удзельнічаюць: Вольга Гапеева, Лусінэ, Сяргей Шупа.
Юля Цімафеева паразмаўляе з Альгердам Бахарэвічам пра свае кнігі «Кровазварот» і «Рэжу гісторыю сабой. Вершы і калажы». «Кровазварот» – гэта цыкл вершаў Юлі Цімафеевай, які з’яўляецца фармальна адкрытым праектам памяці і прасочвае яе беларускую сямейную гісторыю, што, працягваючыся ад Беларусі праз Заходнюю Еўропу да Канады, ахоплівае цэлае стагоддзе. За нямецкі пераклад гэтай кнігі аўтарка атрымала Прэмію Хільдэ Дамін за літаратуру ў выгнанні (Хайдэльберг, Германія). «Рэжу гісторыю сабой. Вершы і калажы» ў выглядзе двумоўнага выдання выйшла ў берлінскім выдавецтве «Edition frölich» у 2025 годзе.
«Слоўнік намады» – новая кніга беларускай паэткі, пісьменьніцы Вольгі Гапеевай, якая ў лютым 2026 выйшла па-нямецку. Уладзіслаў Гарбацкі пагутарыць зь пісьменьніцай пра кнігу і лёс (беларускіх) намадаў у Эўропе і свеце, пра мову, ідэнтычнасць, прыналежнасць, а таксама пра адчужэнне, дом, гендар і патрыярхат.
Беларускі блогер Стэфан Корф восенню 2025 года прайшоў 300 км па шляху Сант’яга – і запісаў свае ўражанні ў фармаце дзённіка – «З Порту да Сант’яга». Аўтар раскажа пра дарогі, якія мы выбіраем, пра досвед, які атрымліваем з такіх падарожжаў. І пра літаратуру, якая паўстае пасля такіх падарожжаў.
Суботнім вечарам чакаецца канцэрт і прэзентацыя кнігі «Беларускія калыханкі» Сяргея Доўгушава.

Прэзентацыі кніг: нон-фікшн
Прафесар Андрэй Масквін прэзентуе выданні Працоўні даследаванняў тэатра і драматургіі Кафедры беларусістыкі з нагоды 10-годдзя Працоўні і 70-годдзя Кафедры. Выданні прысвечаныя розным аспектам развіцця беларускай літаратуры – першыя два – творчасці Быкава, Бахарэвіча. Трэцяе ўключае працы вядомых еўрапейскіх навукоўцаў. Чацвёртае – працы маладых навукоўцаў.
Таццяна Нядбай і Віктар Бабарыка раскажуць пра кнігу Сабіны Брыло «Справа Віктара Бабарыкі». Як выглядае справа звонку – праз дакументы, сведчанні і судовыя матэрыялы – і знутры, вачыма чалавека, які яе пражыў? Што Віктар Бабарыка пазнае ў кнізе пра сябе і сваю справу, а што бачыць інакш? Ці можа аўтарка даведацца пра героя тое, чаго ён сам у момант падзей не ведаў? І што, наадварот, ніколі не трапляе ў дакументы і застаецца толькі ў памяці чалавека?
Ніна Скеп’ян, дырэктарка Беларускага інстытута ў Празе, і Аляксандр Паршанкоў, гісторык, даследчык кніжнай культуры Вялікага Княства Літоўскага раскажуць, як езуіты бачылі Полацк – і чаго яны не заўважалі? Размова пойдзе вакол выдання «Крыніцы па гісторыі Полацкага калегіума Таварыства Езуса 1579–1611».
Ірына Лаппо і Наталля Русецкая раскажуць пра сёмы сезон групы «Вольныя Купалаўцы» – аднаго з найбольш важных сімвалаў беларускага тэатральнага супраціву. У кнізе «Kupałowcy. Teatr narodowy na wygnaniu» даследуецца гісторыя і трансфармацыя групы «Вольныя Купалаўцы». Выгнанне – гэта не толькі страта і вымушанае перамяшчэнне. Гэта таксама новая форма існавання, новыя тэатральныя мовы, аўдыторыі, спосабы працы і ўяўленне пра тое, чым можа быць нацыянальны тэатр.
Сяргей Навумчык з вядоўцам Яраславам Іванюк прэзентуюць дапоўненае выданне кнігі Сяргея Навумчыка «Сем гадоў Адраджэння, альбо фрагменты найноўшай беларускай гісторыі (1988–1995)», прысвечанага аднаму з самых пераломных перыядаў найноўшай гісторыі Беларусі – ад узнікнення масавага нацыянальна-дэмакратычнага руху напрыканцы 1980-х да першых гадоў незалежнасці і пачатку фармавання аўтарытарнай сістэмы. Падчас сустрэчы гаворка пойдзе пра Беларускі Народны Фронт і нацыянальнае Адраджэнне, здабыццё незалежнасці, палітычныя спрэчкі першай паловы 1990-х, а таксама пра прычыны, якія, на думку аўтара, прывялі да паразы дэмакратычных і нацыянальных сілаў і перамогі прамаскоўскага палітычнага курсу.
Сяргей Абламейка пагаворыць з Аляксандрам Фядутам пра яго кнігу «Лексікон «Каласоў пад сярпом тваім».

Прэзентацыі перакладаў
Перакладчыкі двух гістарычных раманаў «Silva Rerum» і «Кнігі Якуба» паразважаюць пра тое, што змяняецца ў гістарычным рамане, калі гісторыю пішуць жанчыны? Ці можна давяраць гістарычнаму раману? Хто мае права гаварыць ад імя мінулага? У цэнтры размовы – два вялікія (ня толькі ў колькасным, але і ў якасным вымярэньні) гістарычныя раманы сучаснай эўрапейскай літаратуры: «Кнігі Якуба» Вольгі Такарчук і «Silva rerum» Крысьціны Сабаляўскайце. Абедзьве пісьменьніцы вяртаюцца ў свет Рэчы Паспалітай – шматмоўны, шматканфэсійны, складаны і зусім не падобны да сучаснай карты Эўропы. Але робяць гэта па-рознаму. З удзелам Сяргея Шупы.
«Адмыслоўцы шалёнага часу» – так называецца анталогія сучаснай беларускай літаратуры ў перакладзе на нарвежскую мову. Рэдактарка і перакладчыца Марына Хоббель, рэдактарка і складальніца Ульяна Верына пагавораць з аўтарамі анталогіі Альгердам Бахарэвічам, Юляй Цімафеевай, Дзмітрыем Строцавым і Уладзіславам Гарбацкім.
Сяргей Шупа, Цімур Кудзеліч выкладуць гісторыю першага перакладу Марка Шагала на беларускую мову. Чаму «Моя жизнь» ператварылася ў «Сваё»? Як узнікла гэтая ідэя і з якімі нечаканымі праблемамі давялося сутыкнуцца перакладчыку? Што лічыць арыгіналам і чаму французскае выданне выклікае пытанні? І нарэшце – як Шагал гучыць па-беларуску?
Другая кніга ў серыі «Contesto» італьянскага выдавецтва WriteUp Books прысвечана творчасці Алеся Разанава – аднаго з найбольш таленавітых і яскравых беларускіх паэтаў. У кнігу-трылінгву ўвайшла значная частка эксперыментальных твораў паэта-філосафа. Усе арыгінальныя тэксты на беларускай мове суправаджаюцца перакладамі на італьянскую і нямецкую, за выключэннем раздзела вершаказаў, дзе на нямецкай мове гучыць толькі адзін твор («Скрынка»). Акрамя перакладаў складальнікаў зборніка, у кнізе ёсць пераклады на нямецкую Эльке Эрб, Уладзіміра Чапегі і Галіны Скакун, якія друкаваліся і раней у нямецкіх выданнях.
Выхаду беларускага перакладу кнігі «Дух надзеі. Супраць грамадства страху» будзе прысвечана лекцыя-прэзентацыя. Надзею рэдка шанавалі ў еўрапейскай думцы. Стагоддзямі пісьменнікі і філосафы бачылі ў ёй ілюзію, пасіўнае чаканне, бяссілле або самаабман, які аддаляе чалавека ад рэальнасці. Выхад беларускага перакладу эсэ Бён-Чхоль Хана «Дух надзеі» становіцца нагодай прасачыць гэты скептычны шлях еўрапейскай думкі і зразумець, як сучаснаму карэйска-нямецкаму філосафу ўдаецца перавярнуць уяўленне пра надзею і вярнуць ёй дзеяздольнасць.
Дарога ў «Краіну Сноў» Г.Ф. Лаўкрафта – дарога дадому. Лаўкрафт так шчыра верыў у непазбежны, злавесны касмічны хаос, але сам горача прагнуў вярнуцца ў дзіцячыя гады. Краіна Сноў для яго – гэта апошняя лінія абароны чалавечай душы супраць халоднай існасці. Жахі тут прысутнічаюць, але яны ўжо не з’яўляюцца асноўнай мэтай. Яны – перашкоды на шляху да самаўдасканалення і ўнутранага спакою. Прайсці гэтыя шляхі разам з героямі, наведаць старажытны Ламар або Келефаіс, зноўку ўсвядоміць моц мары і ўяўлення – цудоўны выклік для сучаснага чытача, які штодня змагаецца з інфармацыйным шумам і разбалансаванасцю. Удзельнічаюць: Ілля Сугака, кіраўнік ініцыятывы BelRead і групы перакладчыкаў, Андрэй Хадановіч, рэдактар кнігі.
Культавы чэшскі дзівак Ладзіслаў Кліма ўпершыню пераклалі на беларускую мову. Перакладчык і фундатар выдання кнігі «Чалавечая трагікамедыя» Макс Шчур апавядзе пра Ладзіслава Кліму, яго значэнне для чэшскай культуры, гісторыю стварэння перакладу, зачытае ўрыўкі з твораў і адкажа на пытанні публікі.
Дарэчы, падчас фестывалю пройдзе творчы вечар Макса Шчура.
Дыскусіі – палітычныя і літаратурныя
Алена Ціхановіч, Томаш Госкавец, Аляксандр Лукашук, Аляксей Кажарскі і мадэратар Аляксандр Паршанкоў зладзяць дыскусію на тэму «Вацлаў Гавэл і Беларусь». Дыскусія, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Вацлава Гаўла. Людзі, якія ведалі Гаўла і працавалі з ім, падзеляцца сваімі ўспамінамі і паспрабуюць адказаць на пытанне, чым Гавэл актуальны сёння.
Ульяна Верына, Артур Камароўскі, Лусінэ і Ганна Шакель паразмаўляюць на тэму, ці патрэбная беларусам паэзія? Дыскусія пройдзе з нагоды пяцігоддзя анлайн-часопіса сучаснай паэзіі Taubin. Ці чытаюць беларусы паэзію? Ці запатрабаваная яна зараз? Якія тэндэнцыі сучаснай паэзіі можна заўважыць? Якую ролю адыгрывае інтэрнэт-часопіс Taubin у беларускай літаратуры? Ці праўдзівае выказванне, што «ў Беларусі кожны другі – паэт»?
Ноч (не)расстралянай паэзіі
У першы дзень фэсту – 30 кастрычніка – пройдзе вечарына «Вышэй, чым на гэтым свеце»: памяці паэтаў, падрыхтаваная Андрэем Хадановічам, Яўгенам Барышнікавым, Сяргеем Шупай. Удзельнікі вечарыны ў межах пражскага фестывалю «Pradmova» далучацца да Ночы (не)расстралянай паэзіі. Андрэй Хадановіч прачытае вершы і пераклады рэпрэсаваных – сярод іншых, Юлія Таўбіна і Мойшэ Кульбака. Прагучаць таксама творы Сяргія Жадана, прысвечаныя ўкраінскаму «Расстралянаму Адраджэнню», Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага, напісаныя ў нямецкім палоне, і вершы ваеннага часу Ірыны Шувалавай. Будуць новыя вершы Андрэя Хадановіча з кнігі «У Бога на паўзе». Яўген Барышнікаў не толькі забяспечыць музычную падтрымку вершам і перакладам, але й выканае некалькі ўласных песень, а перакладчык і выдавец Сяргей Шупа прачытае некалькі твораў Кульбака ў арыгінале, на мове ідыш.
Паказ дакументальнага фільма «Вырай» з дыскусіяй
«Вырай» – аўтарскае дакументальнае эсэ, якое даследуе феномен так званага «рускага свету», яго прысутнасць і ўплыў у сучаснай Славакіі, а таксама спрабуе параўнаць гэты досвед з беларускім кантэкстам. Для беларусаў «рускі свет» з’яўляецца не толькі культурным або моўным паняццем, але і рэальнасцю, якая на працягу дзесяцігоддзяў фармавала калектыўнае ўспрыманне, ідэнтычнасць і спосаб мыслення. Беларусь апынулася ў сітуацыі, калі расійскі культурны і інфармацыйны ўплыў стаў настолькі глыбокім, што многія яго элементы ўспрымаюцца як натуральныя і ўласныя. Фільм разглядае гэтае пытанне праз асабісты і назіральны погляд аўтара, спалучаючы дакументальныя назіранні, візуальнае эсэ, архіўныя матэрыялы і мастацкія алюзіі. Адным з важных мастацкіх арыенціраў фільма з’яўляецца беларускі мастак і перформер Алесь Пушкін. Яго творчасць, грамадзянская пазіцыя і метад мастацкага супраціву адлюстроўваюцца ў фільме праз аўтарскія амажы. Пасля паказу плануецца адкрытая дыскусія з рэжысёрам. З удзелам Валера «Шчырага» Нескарадзянага.

Выстава «Пачуцці: малюнкі палітвязняў з Беларусі»
Падчас фестывалю Pradmova ў Празе будзе працаваць выстава малюнкаў палітвязняў. На выставе будзе прадстаўлена невялікая частка малюнкаў палітвязняў, беражліва захаваных іх роднымі, сябрамі і праваабаронцамі.
У цяперашні час палітычным зняволеным забараняюць адпраўляць малюнкі з месцаў зняволення, а многія працы спецыяльна знішчаюцца супрацоўнікамі турмаў.
Даты і час правядзення ўсіх імпрэзаў можна паглядзець тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
