Reform.news

Латушка: Мы працуем над тым, каб у Польшчы з’явіўся судовы прэцэдэнт, аналагічны справе Гараўскага ў Швейцарыі

Рэдакцыя Reform.news · 29 кастрычніка 2026, 15:53

https://reform.news/be/latushka-my-pracuem-nad-tym-kab-u-polshchy-z-javi-sja-sudovy-prjecjedjent-analagichny-sprave-gara-skaga-shvejcaryi/

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) працуе над стварэннем у Польшчы судовага прэцэдэнту, аналагічнага справе былога байца беларускага САХР Юрыя Гараўскага.

Нагадаем, кантанальны суд Санкт-Галена адмяніў апраўдальны апеляцыйны прысуд 2023 года і прызнаў Гараўскага вінаватым у гвалтоўным знікненні бізнесмена Анатоля Красоўскага ў 1999 годзе і прысудзіў яго да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна. Па справе аб знікненні Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара Гараўскі апраўданы.

Як адзначылі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, гэтае рашэнне стала важным прэцэдэнтам прымянення ўніверсальнай юрысдыкцыі ў справах аб злачынствах, звязаных з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі.

Паводле слоў кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, важна, каб станоўчы досвед прымянення ўніверсальнай юрысдыкцыі пераймалі іншыя краіны.

«На жаль, сёння толькі ў нямногіх еўрапейскіх краінах мы можам у поўнай меры разлічваць на выкарыстанне гэтага механізму. Тым не менш Народнае антыкрызіснае ўпраўленне не пакідае спроб рэалізаваць першы падобны паспяховы кейс у Польшчы, і мы спадзяёмся, што прысуд Гараўскаму будзе спрыяць прымяненню ўніверсальнай юрысдыкцыі судамі ў Польшчы», — адзначыў ён.

Справа Гараўскага разглядалася на падставе артыкула 185bis Крымінальнага кодэкса Швейцарыі, які прадугледжвае адказнасць за гвалтоўнае знікненне. Гэтая норма была ўведзеная ў швейцарскае заканадаўства ў рамках рэалізацыі Міжнароднай канвенцыі для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў.

«Гвалтоўнае знікненне — гэта не проста выкраданне чалавека. Як артыкул 185bis Крымінальнага кодэкса Швейцарыі, так і артыкул 2 Канвенцыі прадугледжваюць дзяржаўны элемент злачынства: пазбаўленне чалавека волі прадстаўнікамі дзяржавы альбо асобамі, якія дзейнічаюць з яе дазволу, пры яе падтрымцы або з яе маўклівай згоды, якое суправаджаецца адмовай прызнаць факт пазбаўлення волі або ўтойваннем звестак пра лёс ці месцазнаходжанне зніклага», – падкрэсліў Латушка.

Паводле яго слоў, прызнанне Гараўскага вінаватым мае значэнне не толькі для ўстанаўлення адказнасці непасрэднага выканаўцы. Прымяненне артыкула 185bis азначае, што суд устанавіў прадугледжаныя гэтай нормай прыкметы злачынства, уключаючы сувязь таго, што адбылося, з дзяржаўнымі структурамі Беларусі.

“Гэта стварае важную аснову для далейшага расследавання ролі іншых прадстаўнікоў беларускіх уладаў, уключаючы арганізатараў злачынства і асоб, якія аддавалі загады”, – адзначыў палітык.

Латушка адзначыў, што для сем’яў зніклых рашэнне стала крокам да справядлівасці пасля 27 гадоў барацьбы за праўду. Паводле яго слоў, правасуддзе не будзе поўным, пакуль не будзе ўстаноўлены лёс іх блізкіх і ўсе вінаватыя не будуць прыцягнутыя да адказнасці.

«Правасуддзе не павінна абмяжоўвацца адказнасцю непасрэднага выканаўцы. Неабходна ўстанавіць увесь ланцужок адказнасці, уключаючы асоб, якія планавалі і арганізоўвалі злачынствы, аддавалі загады і забяспечвалі ўтойванне лёсу зніклых», — заявіў ён.

Латушка таксама падзякаваў праваабарончым арганізацыям TRIAL International, FIDH і «Вясна», якія зрабілі гэты вынік магчымым.

Рэклама

Пакінуць адказ