Reform.news

Зяленскі: трохбаковая сустрэча Украіны, Расіі і ЗША запланаваная на пачатак лістапада

Рэдакцыя Reform.news · 23 кастрычніка 2026, 21:08

https://reform.news/be/zjalenski-trohbakovaja-sustrjecha-ukrainy-rasii-i-zsha-zaplanavanaja-na-pachatak-listapada/

Трохбаковая сустрэча Украіны, ЗША і Расіі на ўзроўні каманд запланаваная на пачатак лістапада. Дамоўленасць пра гэта была дасягнутая на перамовах кіраўніцтва Украіны з прадстаўнікамі ЗША Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам, заявіў Уладзімір Зяленскі.

«Мы дамовіліся правесці трохбаковую сустрэчу — Украіна, ЗША і Расія — на ўзроўні каманд. Плануем сустрэцца ў першай палове лістапада. Мы гатовыя сустрэцца ў любы дзень, нават заўтра», — заявіў ён.

Паводле слоў Зяленскага, правядзенне сустрэчы залежыць ад расійскага боку. Украіна чакала трохбаковай сустрэчы ў кастрычніку, але яе не было, таму што «расіяне прыдумалі чарговую нагоду, каб не сустракацца», адзначыў Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што правядзенне перамоў немагчымае без ціску ЗША на Расію. Кіеў чакае, што Вашынгтон будзе надаваць увагу гэтаму пытанню на ўсіх узроўнях.

«І нам трэба перайсці ад трохбаковых перамоў на тэхнічным узроўні да сустрэчы лідараў, бо ключавыя пытанні можна вырашыць толькі на гэтым узроўні», — заявіў Зяленскі.

Нагадаем, Уладзімір Пуцін па выніках перамоў з Уіткафам заявіў, што Расія гатовая аднавіць перамовы ў трохбаковым фармаце.

Рэклама

Пакінуць адказ