Reform.news

Вальфовіч расказаў, як будуць правяраць народнае апалчэнне

Рэдакцыя Reform.news · 22 кастрычніка 2026, 14:18

https://reform.news/be/valfovich-raskaza-jak-buduc-pravjarac-narodnae-apalchjenne/

У Беларусі правядуць праверку гатоўнасці народнага апалчэння. Адпаведнае даручэнне на мінулым тыдні публічна даў Аляксандр Лукашэнка. Сёння дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што яго ведамства рыхтуе план па праверцы функцыянавання, стварэння атрадаў народнага апалчэння. Ён таксама расказаў, што менавіта будзе правярацца.

“Паглядзім у першую чаргу, як мясцовыя органы ўлады разумеюць, што такое народнае апалчэнне, як прынята рашэнне, як складзены спісы. Паглядзім, як разумее гэта Міністэрства ўнутраных спраў. Таму што агульнае кіраўніцтва атрадамі народнага апалчэння паводле ўказа прэзідэнта ажыццяўляе мясцовая вертыкаль улады, а непасрэдна кіраўніцтва атрадамі народнага апалчэння – МУС, тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў на месцах”, – сказаў ён.

Паводле яго слоў, праверка будзе закранаць і тое, як апалчэнцы гатовыя выконваць ускладзеныя на іх задачы, як вядзецца іх падрыхтоўка.

У кожнай вобласці плануецца праверыць адзін-два раёны. Вынікі праверкі хочуць абагульніць і далажыць Лукашэнку да канца года.

Рэклама

Пакінуць адказ