Reform.news

Літва пазбавілася права правесці этап Кубка свету па пяцібор’і з-за абмежаванняў для беларусаў і расіян

Рэдакцыя Reform.news · 19 кастрычніка 2026, 16:22

https://reform.news/be/litva-pazbavilasja-prava-pravesci-jetap-kubka-svetu-pa-pjacibor-i-z-za-abmezhavannja-dlja-belarusa-i-rasijan/

Міжнародны саюз сучаснага пяцібор’я (UIPM) пазбавіў Літву права прымаць этап Кубка свету па сучасным пяцібор’і ў 2027 годзе з-за абмежаванняў, якія дзейнічаюць у дачыненні да спартсменаў з Беларусі і Расіі, паведамляе 15min.lt.

Этап Кубка свету павінен быў адбыцца ў Каўнасе 13-17 красавіка 2027 года. Афіцыйнае рашэнне аб адмене мерапрыемства ў Літве было прынята на пасяджэнні Выканаўчага камітэта UIPM тыдзень таму.

Прэзідэнт Федэрацыі сучаснага пяцібор’я Літвы Юсцінас Кіндэрыс адзначыў, што рашэнне не стала сюрпрызам.

«Сумна, таму што хацелася б, каб нашу шматгадовую працу па арганізацыі чэмпіянатаў і заваяванні медалёў больш паважалі і разумелі. Мы чакалі простага чалавечага стаўлення, аднак не ўбачылі разумення становішча нашай федэрацыі», — заявіў ён.

Прэзідэнт UIPM Роб Стул у тлумачэнні спаслаўся на рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэта, згодна з якімі спартсменам з Беларусі і Расіі дазваляецца ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад сцягамі сваіх краін.

Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы больш за месяц таму заявіла, што рэкамендацыі літоўскім нацыянальным спартыўным арганізацыям не дапускаць да спаборніцтваў спартсменаў з краін-агрэсараў, якія праводзяцца ў Літве, застаюцца ў сіле. Калі беларусы і расіяне ўсё ж удзельнічаюць у спаборніцтвах, яны абавязаныя падпісаць дэкларацыю з асуджэннем ваенных дзеянняў Расіі супраць Украіны і не могуць выступаць пад дзяржаўнымі сцягамі сваіх краін.

Рэклама

Пакінуць адказ