Бачыць магчымасці там, дзе страх малюе тупік: выйшаў беларускі пераклад кнігі філосафа Бён-Чхоль Хана «Дух надзеі супраць грамадства страху»
Reform.news · 14 кастрычніка 2026, 09:53
https://reform.news/be/bachycz-magchymasczi-tam-dze-strah-malyue-tupik-vyjsha-belaruski-peraklad-knigi-susvetna-vyadomaga-filosafa-byon-chhol-hana-duh-nadzei-supracz-gramadstva-strahu/Выдавецтва «Логвінаў» выдала беларускі пераклад кнігі карэйска-нямецкага філосафа Бён-Чхоль Хана «Дух надзеі: супраць грамадства страху». Кніга ўпершыню выйшла па-нямецку ў 2024 годзе (ням. Der Geist der Hoffnung: Wider die Gesellschaft der Angst) і на гэты момант не мае перакладу, напрыклад, на рускую мову.
Ці магчымы без надзеі новы пачатак?
Хана называюць «Сартрам для эпохі экранаў» (The New Yorker), «поп-зоркай сацыяльнай крытыкі» (Die Zeit) і «самым чытаным нямецкім філосафам сучаснасці» (El Pais). Ягоныя кнігі засяроджваюцца на крытыцы неалібералізму і трансфармацый, якія адбываюцца з чалавечым жыццём з-за новых інфармацыйных тэхналогій. У «Духу надзеі» ён працягвае крытычны разбор сучаснасці: паказвае, як панаванне апакаліптычных сцэнароў звужае гарызонт будучыні, а мысленне, падпарадкаванае логіцы эфектыўнасці і разліку, губляе здольнасць уяўляць нешта прынцыпова новае.
Адказ Хан знаходзіць у надзеі — не ў аптымізме, які абяцае спрыяльны вынік, а ў здольнасці адкрывацца невядомаму і бачыць магчымасці там, дзе страх малюе тупік. Пры гэтым ён не проста прапануе ўласнае вызначэнне надзеі, а ўступае ў дыялог з класікамі, крытычна пераасэнсоўваючы ідэі Камю, Арэнт, Блоха і іншых мысляроў. Ці сапраўды надзея вядзе да пасіўнасці? Ці, наадварот, без яе немагчымыя ні свабоднае мысленне, ні дзеянне, ні новы пачатак? Для Хана надзея — не ўцёкі ад рэальнасці, а ўмова пераадолення яе наяўных межаў і стварэння лепшай будучыні.

Чаму гэтая кніга важная для беларускага чытача?
Для беларускага кантэксту разважанні Хана маюць асаблівую актуальнасць. Як захаваць гарызонт будучыні пасля крушэння ранейшых уяўленняў пра яе? Як не падмяніць дзеянне бясконцым чаканнем і не дазволіць нявызначанасці ператварыцца ў апатыю? І што робіць людзей супольнасцю, нават калі іх досведы і абставіны адрозніваюцца?
Гэтыя пытанні не зводзяцца да палітычных адказаў або практычных парад. Кніга прапануе мову і канцэптуальную рамку, каб асэнсаваць нашыя адносіны да будучыні, свабоды і магчымасці сумеснага дзеяння.
Адметнасць беларускага выдання — пасляслоўе Таццяны Шчытцовай «Мы як суб’ект надзеі: ад Захаду да Усходу». Філосафка разглядае інтэлектуальныя вытокі філасофіі Хана і дадае оптыку беларускага досведу, прынамсі, што адбываецца з ідэяй надзеі, калі галоўная крыніца нашага страху — не толькі неаліберальны лад жыцця, але і рэпрэсіі, вайна і вымушаная эміграцыя. Такім чынам, кніга не толькі ўводзіць у беларускую моўную прастору важны твор сучаснай філасофіі, але і стварае прастору для ўласнай рэфлексіі пра надзею, супольнасць і будучыню.
Пераклад з нямецкай мовы выканала Аляксандра Логвінава.
Набыць можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
