Ціханоўская: Быць маці – адна з самых складаных і каштоўных задач
Рэдакцыя Reform.news · 14 кастрычніка 2026, 09:13
https://reform.news/be/cihano-skaja-byc-maci-adna-z-samyh-skladanyh-i-kashto-nyh-zadach/Быць маці – адна з самых складаных і каштоўных задач. Гэта тытанічная і часта незаўважная праца. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская ў звароце з нагоды Дня маці. Яна падкрэсліла, што сярод палітвязняў ёсць жанчыны – маці непаўналетніх дзяцей.
«Быць маці — адна з самых складаных і адначасова самых важных і каштоўных задач, з якой сутыкаюцца жанчыны. Гэта тытанічная праца, у якой няма выходных, перапынкаў і водпуску. Вы аддаяце сваім дзецям сябе цалкам: разам з імі адкрываеце гэты свет, вучыце іх адрозніваць добрае ад дрэннага, падтрымліваеце, калі ім страшна, і радуецеся кожнай іх маленькай перамозе.
Пра добрае і дрэннае лёгка гаварыць, калі гэта казкі і мультфільмы. Але калі гаворка заходзіць пра рэальнае жыццё, не заўсёды знаходзяцца словы.
Цяпер у беларускіх месцах пазбаўлення волі знаходзяцца 113 палітычных зняволеных жанчын. Прынамсі 14 з іх — матулі непаўналетніх дзяцей.
Беларускія ўлады заклікаюць жанчын нараджаць, але пасля нараджэння дзіцяці многія сутыкаюцца з фінансавай ямай. Падчас дэкрэта выплата па доглядзе за першым дзіцем складае 35% сярэдняй зарплаты — а калі жанчына вырашае вяртацца да працы, то часта сутыкаецца з прапановамі звольніцца, пераносамі працоўных месцаў ці складанасцямі з пошукам працы. На жаль, матчыну працу вельмі часта ўспрымаюць як нешта само сабой зразумелае. Маці можа адкладаць свае планы, кар’еру, сон, адпачынак і ўласныя жаданні дзеля свайго дзіцяці і нічога не патрабаваць наўзамен.
Я ведаю, што цяпер у Беларусі многія з вас адчуваюць трывогу за будучыню сваіх дзяцей, за іх бяспеку і свабоду. І нават калі самім бывае страшна і няпроста, вы працягваеце быць для сваіх дзяцей апорай, даваць ім любоў, клопат і адчуванне бяспекі.
Менавіта таму яшчэ важней зноў і зноў паўтараць: дзякуй. Дзякуй за вашу любоў, цярпенне і сілу. За тое, што вы захоўваеце ў дзецях веру ў дабро, свабоду і справядлівасць, нават калі навокал часта адбываецца зусім іншае. І я цалкам упэўненая, што вашыя дзеці вырастуць у цудоўных дарослых, якія зробяць Беларусь лепшай.
З Днём маці!» – гаворыцца ў звароце.
