У Румыніі расследуецца справа аб пастаўках тавараў падвойнага прызначэння ў Беларусь у абыход санкцый
Рэдакцыя Reform.news · 30 верасня 2026, 11:25
https://reform.news/be/u-rumynii-rassleduecca-sprava-ab-pasta-kah-tavara-padvojnaga-pryznachjennja-belarus-u-abyhod-sankcyj/Упраўленне па расследаванні арганізаванай злачыннасці і тэрарызму Румыніі (DIICOT) расследуе крымінальную справу аб абыходзе санкцый і пастаўках тавараў падвойнага прызначэння ў Беларусь.
30 верасня пракуроры DIICOT і супрацоўнікі Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю правялі 12 ператрусаў у жылых дамах у Бухарэсце і іншых гарадах. У справе восем падазраваных. Іх дапытваюць у Цэнтральным упраўленні DIICOT.
«У ходзе праведзенага да гэтага часу расследавання ўстаноўлена, што ў перыяд са снежня 2025 года па верасень 2026 года некалькі асоб маглі ажыццяўляць камерцыйную і тэхнічную дзейнасць, звязаную з вытворчасцю, продажам і перадачай прамысловага абсталявання падвойнага прызначэння, якое магло выкарыстоўвацца як у грамадзянскіх мэтах, так і для вытворчасці абсталявання ваеннага прызначэння», — паведамляе DIICOT.
Гаворка ідзе пра вертыкальны такарны станок VL40 коштам каля 1,75 млн еўра. Следства лічыць, што абсталяванне спрабавалі перадаць праз пасрэднікаў у трэціх краінах, пры гэтым канчатковым атрымальнікам была арганізацыя ў Беларусі. Таксама выяўленыя спробы атрымаць дазволы на экспарт, пасля адмовы ў якіх аперацыі працягнуліся.
Таксама ўстаноўлена, што ў абсталяванне інтэгравалі апаратныя і праграмныя кампаненты і змянілі яго тэхнічныя параметры, у выніку чаго яно магло выкарыстоўвацца для вытворчасці прадукцыі ваеннага прызначэння.


