«Шукаю гісторыі поспеху»: кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін расказаў пра падставы для беларускага гонару
Reform.news · 26 верасня 2026, 11:05
https://reform.news/be/shukaju-gistoryi-pospehu-kira-nik-belaruskaj-rady-kultury-sjargej-budkin-raskaza-pra-padstavy-dlja-belaruskaga-gonaru/У варшаўскім Цэнтры беларускай салідарнасці прайшла сустрэча з Сяргеем Будкіным, кіраўніком Беларускай Рады культуры, аўтарам ідэі і прадусарам праекта «Нерасстраляныя».
Разам з мадэратарам Яраславам Іванюком удзельнікі сустрэчы разважалі пра тое, што адбываецца з беларусамі, калі нас спрабуюць выкрасліць, знішчыць, і як дзейнічаць у гэтай сітуацыі. Разважалі таксама пра тое, што эміграцыя культурных дзеячаў – цяжкая старонка, шмат для каго трагічная, а для некаторых фатальная, калі згадаць лёс Алеся Пушкіна, але пры гэтым пераадоленне выклікаў спрыяе нараджэнню новых сэнсаў і з’яў у беларускай культуры.
Не быць ахвярай
Напачатку сустрэчы Сяргей Будкін прапануе невялікую апытанку: раздае стыкеры, на якіх гледачы даюць акрэсленне беларусам. «Беларусы – гэта». Адказы атрымліваюцца простыя і даволі пазітыўныя. І Сяргей Будкін прызнаецца, што яго заўсёды бянтэжыць, калі беларусаў прэзентуюць як тых, каго бʼюць і прыціскаюць.
Таму важна па-іншаму пачынаць працаваць з самапрэзентацыяй сябе іншым. Будкін згадвае, што пры падрыхтоўцы праекта «Нерасстраляныя» хацелася падаць герояў не толькі як ахвяраў, але як і тых, хто можа натхняць. З гэтай прычыны шукалі здымкі, дзе паэты выглядаюць вясёлымі, «дзе яны жывыя, дзе яны п’юць, адпачываюць, дзе яны з нейкімі дзяўчатамі, жонкамі, сем’ямі. Каб паказаць іх у гэтым свеце жывымі. Выглядае, што ў нас атрымалася».
«Нерасстраляныя»
Увогуле праект «Нерасстраляныя» пачынаўся з некалькіх ідэй. Найперш з “Ночы паэтаў”, якую палітычны актывіст Зміцер Дашкевіч праводзіў у Курапатах – як памяць пра тых, хто быў расстраляны падчас тэрору. І другая ідэя – памкненне распавесці гісторыю паэтаў не толькі праз пакуты, але і праз іх шматграннае жыццё.
Ідэя праекта з’явілася ў 2017 годзе – у здавалася, што адбываецца лібералізацыя. «Я не верыў у гэтыя павевы, – кажа Сяргей Будкін. – Злачынствы СССР не былі перасэнсаваныя. Таму мы спачатку падыходзілі да працэсу рэтраспектыўна.
Зрабілі для праекта промавідэа, дзе імкнуліся перадаць гэтую трывожную атмасферу: пад’езд, па якім нехта ідзе, нехта скрабецца за дзвярыма, гэтыя гукі, якія герой пачуе, зменяць яго жыццё.
У 2020 годзе, калі пачаліся ператрусы, захопы, арышты, праект суправаджаўся іншымі эмоцыямі. У выніку атрымалася, што «Нерасстраляныя» – пра нас сённяшніх. Нерасстраляныя – гэта мы самі. Мы спрабуем разабрацца, як жывем цяпер, чаму супрацьстаім».
Сяргей Будкін кажа, што больш не хоча асацыявацца толькі з гэтым праектам «Нерасстраляныя». Акрамя таго, у пэўны момант ён перастаў яму належаць, бо музыкі сталі самі запісваць песні і карыстацца матэрыяламі праекта, кнігамі, людзі сталі прыходзіць на акцыі. Праект пачаў жыць сваім жыццём.
«Ідэя магла далей маштабавацца. Можна было перавесці кніжную гісторыю ў тэатр, потым – у кіно, – тлумачыць Сяргей Будкін. – Без мяне ўжо пра «Нерасстраляных» з’явіўся спектакль Андрэя Саўчанкі з купалаўцамі, які быў прадстаўленні ў тэатры лялек у Беластоку, з’явіліся тэлесерыялы на «Белсаце» пра герояў праекта.
Таму я не магу сказаць, што я проста сышоў таму, што праект стаў нецікавы. Наадварот, для мяне было вялікім гонарам, што ён працягнуў развівацца. Проста ў нейкі момант ён зажыў сваім жыццём, і мая праца там ужо была зроблена».

Чым ганарыцца?
Наступнае пытанне, на якое спрабуюць адказаць удзельнікі сустрэчы: «Чым беларусам варта ганарыцца». Тут адказы больш разнастайныя: беларускай трываласцю, жывучасцю, культурай, гісторыяй, продкамі, тым што мы ёсць і ацалелі, салідарнасцю ў 2020-м, сваім народам, характарам, супрацівам.
«Кожная гісторыя поспеху, калі яна публічная, дае адказ на гэтае пытанне», – кажа Сяргей Будкін і прыводзіць прыклады такіх гісторый.
Проста зараз ідзе ў літоўскім кінапракаце беларускі фільм «Лебядзіны спеў Фёдара Озерава», прычым ён не пра падзеі 2020-га. Беларускі фільм Андрэя Куцілы «Лісты» – першая стужка, што ў гісторыі незалежнай Беларусі атрымала ўзнагароду ў Венецыі.
Макс Корж і беларускі гурт «Молчат дома» ездзяць з вялікімі турамі па свеце. Калі размова пра беларускамоўныя гурты, то Nürnberg – сёння самы папулярны беларускамоўны гурт, што ездзіць у сусветныя туры.
У нас ёсць два кавалеры ордэна Брытанскай імперыі, ёсць удзельнікі міжнародных фестываляў, два нобелеўскія лаўрэаты, ёсць людзі, якія робяць вельмі цікавыя рэчы ў розных сферах.
Хоць у нас няма дзяржавы за спінай, беларусы ў даволі канкурэнтным асяроддзі дасягаюць поспехаў. Мікіта Ільінчык стаў вядомым польскім драматургам, на спектаклі якога «валам ідуць польскія гледачы». І гэта не адзіны прыклад, калі беларусы ў тых краінах, дзе апынаюцца, здольныя прапанаваць цікавы ўнікальны прадукт. Пры гэтым носьбіты нашай культуры прыўносяць нешта ў іншую, але пры гэтым захоўваюць сябе.
«Можна браць любую сферу і там ёсць падставы для аптымізму. Нягледзячы на тое, што нібыта ўсё разгромлена і разагнана», – падсумоўвае Сяргей Будкін. А Яраслаў Іванюк згадвае поспехі беларускіх літаратараў, якіх шануюць у Еўропе, і цытуе Някляева, які мяркуе, што харошая паэзія нараджаецца якраз у неспрыяльных абставінах.
Акрамя таго за мяжой ствараюцца «структурныя цэнтры сілы» ў розных сферах. Гэта Інстытуты кнігі, тэатра, спадчыны, вялікая колькасць выдавецтваў, беларуская незалежная кінаакадэмія…
«І гэта каласальная гісторыя, якая па вялікім рахунку сведчыць пра нашу суб’ектнасць і пра тое, што мы можам развіваць сваю сферу, – упэўнены Сяргей Будкін. – І мне здаецца, што беларусам трэба бачыць гэтыя гісторыі поспеху. Не думаць, што ўсё разгромлена, усё забаронена, а бачыць, што людзі працягваюць нешта рабіць, ствараць, развіваць культуру і паказваць Беларусь у свеце».
Беларуска-ўкраінскія сумесныя ініцыятывы і мапінг ад Рады культуры
«Што ўнікальнага зʼявілася за апошні час у развіцці нашай культуры?» – спытаў Яраслаў Іванюк.
Сяргей Будкін расказаў, што нядаўна вярнуўся з Кіева, дзе прэзентаваў даклад пра адносіны беларусаў і ўкраінцаў падчас вайны, зроблены на падставе аналізу 46 сумесных праектаў у розных сферах культуры.
На старонцы Беларускай Рады культуры ўжо выкладзены мапінг гэтай беларуска-ўкраінскай культурнай супрацы: «Беларусь – Украіна: культурніцкі дыялог 2022-2026». Дзясяткі супольных ініцыятыў у розных сферах мастацтва былі рэалізаваныя менш чым за чатыры гады ва ўмовах вайны, эміграцыі, абмежаваных рэсурсаў і фактычнай адсутнасці сістэмнага міждзяржаўнага дыялогу.
Напрыклад, першы пераклад рамана Альгерда Бахарэвіча на ўкраінскую мову «Дзеці Аліндаркі» ўвайшоў у спіс найлепшых кніг года ва Украіне паводле Украінскага ПЭНа. У жніўні 2022 года, да Дня Незалежнасці Украіны, Уладзімір Зяленскі з’явіўся ў вышыванцы з арнаментам, створаным беларускай мастачкай Руфінай Базловай. Асобны транснацыянальны прыклад – песня Pink Floyd «Hey Hey Rise Up» з удзелам Андрэя Хлыўнюка, запісаная ў 2022 годзе ў падтрымку Украіны. Да яе стварэння ўскосна спрычыніліся заснавальнікі Беларускага Свабоднага тэатра Наталля Каляда і Мікалай Халезін: яшчэ ў 2015 годзе ў межах музычнага фестывалю Staging a Revolution яны звялі Дэвіда Гілмара з музыкамі «Бумбоксу». Пазней гэтая сетка даўніх кантактаў стала адным з фактараў, якія дапамаглі ўзнікнуць новай міжнароднай калабарацыі. У выніку ўкраінскі вакал Хлыўнюка на аснове «Ой у лузі червона калина» стаў цэнтральным элементам кампазіцыі Pink Floyd.
Сяргей Будкін тлумачыць, што пасля 2022-га адбылася паступовае аднаўленне, нават перазагрузка сумесных культурніцкіх праектаў, «таму што сапраўды вельмі цяжкай была гэтая беларуска-ўкраінская тэма, калі мы падымалі яе». А сёння ўжо зʼявілася патрэба ў стварэнні асобнай доўгатэрміновай праграмы падтрымкі беларуска-ўкраінскага культурнага супрацоўніцтва – з уласным фінансаваннем, устойлівымі партнёрствамі і падтрымкай як творчых праектаў, так і інфраструктуры дыялогу.
Беларуская Рада культуры як каардынацыйны вузел
Беларуская Рада культуры – структура, мэта якой быць каардынацыйным вузлом для беларускай незалежнай культуры. Толькі дзякуючы праграме ArtPower Belarus з’явіліся на свет 215 праектаў. На жаль, большая частка іх непублічная. «Але вы з імі, напэўна, знаёмыя, калі слухаеце беларускую музыку, калі наведваеце беларускі тэатр, калі купляеце новыя кнігі і калі ведаеце, што адбываецца ў Беларусі сярод культурных падзеяў», – пералічвае Будкін.
Прычына непублічнасці праектаў – «экстрэмісцкі» статус, які з гэтай прычыны ўскладняе дзейнасць Рады культуры. Рада – двойчы «экстрэмісты». У 2022 годзе яны сталі першай культурніцкай арганізацыяй, якая была прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем, паводле Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. І пасля гэтага яшчэ раз была прызнана экстрэмісцкім фармаваннем, ужо паводле КДБ.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
