Reform.news

Першае судна з беларускім каліем прыбудзе ў ЗША ў кастрычніку

Рэдакцыя Reform.news · 23 верасня 2026, 10:30

https://reform.news/be/pershae-sudna-z-belaruskim-kaliem-prybudze-zsha-kastrychniku/

У кастрычніку ў порт Новага Арлеана павінна прыбыць першая за чатыры гады партыя беларускіх калійных угнаенняў. Гаворка ідзе пра 30 тыс. тон хларыду калію, або MOP — найбольш распаўсюджанага віду калійных угнаенняў. Пра будучую пастаўку паведаміла галіновае агенцтва Argus Media.

Пастаўка стане першым фізічным пацвярджэннем аднаўлення камерцыйнага гандлю беларускім каліем з ЗША пасля адмены амерыканскіх абмежаванняў. Аляксандр Лукашэнка 11 верасня заяўляў, што Беларусь ужо пачала прадаваць калійныя ўгнаенні амерыканскім пакупнікам.

«Хочаце ў нас калійныя ўгнаенні (калі хочаце закупляць) — калі ласка. Мы адразу не можам. Вось у нас вызвалілася. Мы ж закантрактавалі іх на гэты год, на наступны год разгледзім. Цяпер з’явілася магчымасць судна загрузіць (заўтра дакладна скончым загрузку) — забірайце.

Але даўжок вярніце. 43–44 млн долараў нашых у «Сіцібанку» затрымаліся — кампанія, якая з намі супрацоўнічала, заплаціла грошы. У багатай Амерыкі затрымаліся. Вы нам, калі ласка, вярніце гэтыя грошы”, — расказаў ён, выступаючы перад журналістамі на Абуз-Лясноўскім палігоне.

Да ўвядзення санкцый кампанія Gavilon была адным з асноўных амерыканскіх атрымальнікаў прадукцыі «Беларуськалія» ў Луізіяне. У 2022 годзе Gavilon Fertilizer змяніла назву на MacroSource.

ЗША ўвялі санкцыі супраць «Беларуськалія» ў жніўні 2021 года. Пазней пад абмежаванні трапілі таксама Беларуская калійная кампанія і іншыя звязаныя з галіной структуры. Пасля завяршэння пераходнага перыяду амерыканскім кампаніям было забаронена праводзіць з імі аперацыі.

У снежні 2025 года Вашынгтон абвясціў аб намеры зняць абмежаванні з беларускага калійнага сектара пасля вызвалення 123 зняволеных.

У сакавіку 2026 года Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША — OFAC — выключыла з санкцыйнага спіса «Беларуськалій», Беларускую калійную кампанію і шэраг іншых прадпрыемстваў. Адначасова былі аслабленыя абмежаванні ў дачыненні да некалькіх беларускіх фінансавых арганізацый.

Амерыканскія ўлады пры гэтым асобна тлумачылі, што адмена санкцый не азначае аўтаматычнай разблакіроўкі маёмасці і грошай, замарожаных падчас дзеяння абмежаванняў. Для іх вяртання могуць спатрэбіцца асобныя рашэнні OFAC.

21 верасня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што Вашынгтон працуе над «маштабнай здзелкай» па закупцы калію ў Беларусі. Паводле яго слоў, беларуская прадукцыя павінна каштаваць «істотна танней», чым угнаенні, якія ЗША купляюць у Канады.

Канада забяспечвае пераважную частку амерыканскага імпарту калію. Таму партыя аб’ёмам 30 тыс. тон будзе мець перш за ўсё сімвалічнае значэнне: яна пацвярджае вяртанне беларускага вытворцы на амерыканскі рынак, але сама па сабе не здольная істотна змяніць баланс паставак.

Рэклама

Пакінуць адказ