Сваякам некаторых палітвязняў увечары 15 верасня патэлефанавалі з папраўчых калоній і паведамілі, што раніцай іх блізкія выйдуць на свабоду, але гэтага не адбылося, піша Mayday.Team.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, сваякоў прасілі прыбыць да месцаў адбывання пакарання раніцай 16 верасня, каб яны маглі сустрэць сваіх блізкіх, якіх павінны былі вызваліць у рамках дамоўленасцей паміж спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам і Аляксандрам Лукашэнкам.
Раніцай палітвязні з калоній не выйшлі. Абставіны таго, што адбылося, сваякам не патлумачылі. Праваабаронцам вядома пра некалькі падобных выпадкаў.
Адзначаецца, што гаворка ідзе не пра 25 палітвязняў, якіх 16 верасня пасля дамоўленасцей Коўла і Лукашэнкі вывезлі з Беларусі ў Літву.
Нагадаем, у абмен ЗША здымуць санкцыі з «Беллеспаперапрама» і «Лакафарбы». Таксама Коўл заявіў, што вызваленне палітвязняў і зняцце санкцый працягнуцца.
