Коўл: Калі б не гэтыя войны, мы б выцягнулі ўсіх ужо да наступнага аўторка

Галоўнае
Джон Коул. Фото: president.gov.by

Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл заявіў, што войны ускладняюць перамовы аб вызваленні беларускіх палітвязняў. Гэта прагучала ў інтэрв’ю Reuters, матэрыял якога даступны па платнай падпісцы, піша «Зеркало».

Коўл расказаў падрабязнасці перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам аб вызваленні зняволеных. Паводле яго слоў, першапачаткова ў спісе на вызваленне было два чалавекі, затым іх колькасць вырасла да 14, а пасля гэтага пастаянна мянялася.

«Спачатку іх было двое. Потым — 14. Затым лічбы то раслі, то падалі… Для мяне галоўнае, каб справа рухалася і людзі атрымлівалі свабоду. І вось сёння я пакінуў [у Вільні] групу з 25 чалавек, якія вельмі шчаслівыя. Яны вяртаюцца да нармальнага жыцця, і гэта самае важнае. Думаю, што перамовы цяпер становяцца больш інтэнсіўнымі. Я маю на ўвазе, што яны праходзяць часцей. І я веру, што ў самай найбліжэйшай будучыні мы зможам дамагацца вызвалення людзей сотнямі. Але сёння нам удалося вывезці 25 чалавек. Я лічу гэта поспехам. Мы рухаемся ў правільным напрамку», — заявіў Коўл.

Ён таксама паведаміў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп «вельмі задаволены вынікамі».

«Я б сказаў, што ў асноўным прытрымліваўся падыходу прэзідэнта Трампа: ніякіх папярэдніх умоў для перамоў — проста размаўляць. Трэба запускаць працэс, не здавацца, а працягваць настойліва дзейнічаць, — і гэта прыносіць поспех», — расказаў спецпрадстаўнік.

«Калі б не гэтыя войны, мы б выцягнулі ўсіх ужо да наступнага аўторка», — заявіў ён.

«Але войны ствараюць складанасці для нашага ўрада, для ўрада Беларусі і для ўсіх астатніх у свеце. Так што гэта важны фактар. Было б выдатна, калі б гэтыя войны скончыліся цяпер або ў найбліжэйшай будучыні. Але яны сур’ёзна ўскладняюць міжнародныя адносіны», — дадаў Коўл.

Ён таксама заявіў, што знайшоў падыход да Аляксандра Лукашэнкі:

«У канцы, калі я ўжо сыходзіў, я паціснуў яму руку і спытаў: “Мы па-ранейшаму сябры?”. Ён засмяяўся і адказаў: “Так».

Нагадаем, сёння ў выніку перамоў Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі былі вызваленыя 25 чалавек. Іх вывезлі з Беларусі ў Літву. У абмен ЗША здымуць санкцыі з «Беллеспаперапрама» і «Лакафарбы». Таксама Коўл заявіў, што вызваленне палітвязняў і зняцце санкцый працягнуцца.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.