МЗС Літвы 16 верасня выклікала прадстаўніка пасольства Беларусі і ўручыла яму ноту пратэсту ў сувязі з парушэннем дзяржаўнай мяжы і паветранай прасторы краіны.
Парушэнне было зафіксавана сродкамі аб’ектыўнага кантролю ў ноч з 14 на 15 верасня. Паводле даных ведамства, беспілотнік перасёк мяжу Літвы з боку Беларусі.
У Літве расцанілі тое, што адбылося, як грубае парушэнне міжнароднага права і запатрабавалі ад Беларусі даць падрабязныя тлумачэнні інцыдэнту і не дапусціць падобных парушэнняў у будучыні. Літва таксама запатрабавала ад беларускіх уладаў забяспечыць эфектыўны кантроль сваёй тэрыторыі і паветранай прасторы і прадухіляць дзеянні, якія могуць пагражаць бяспецы суседніх дзяржаў.
“Міністэрства замежных спраў падкрэслівае, што Літва пакідае за сабой права сумесна з саюзнікамі прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння нацыянальнай бяспекі, тэрытарыяльнай цэласнасці і бяспекі насельніцтва”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе літоўскага МЗС.
Нагадаем, беспілотнік быў збіты ў небе Літвы неўзабаве пасля поўначы 15 верасня. Яго абломкі ўпалі побач з населеным пунктам Праткунай, размешчаным недалёка ад Круоніскай гідраакумулюючай электрастанцыі. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў. Паводле слоў прэзідэнта краіны Гітанаса Наўседы, гаворка ідзе пра расійскі беспілотнік «Гербера».
