Ціханоўская падтрымала ініцыятыву па ўсталяванні бел-чырвона-белага сцяга на Грунвальдскім полі
Рэдакцыя Reform.news · 14 ліпеня 2026, 10:50
https://reform.news/be/cihano-skaja-padtrymala-inicyjatyvu-pa-staljavanni-bel-chyrvona-belaga-scjaga-na-grunvaldskim-poli/Святлана Ціханоўская падтрымала грамадзянскую ініцыятыву па ўсталяванні бел-чырвона-белага сцяга на Грунвальдскім полі. Нядаўна была ініцыявана адпаведная петыцыя, якую прапаноўвалі падпісаць беларусам.
Як паведамілі ў Офісе Ціханоўскай, яна са свайго боку накіравала лісты маршалку Вармінска-Мазурскага ваяводства і кіраўніцтву музея Грунвальдскай бітвы з просьбай разгледзець магчымасць усталявання на полі бел-чырвона-белага сцяга. У сваім звароце Ціханоўская адзначыла, што Грунвальдская бітва — гэта агульная спадчына палякаў, беларусаў, літоўцаў, украінцаў і іншых народаў, якія разам абаранялі свабоду. Для беларусаў гэта адна з ключавых дат нацыянальнай гісторыі, а бел-чырвона-белы сцяг сімвалізуе гістарычную пераемнасць беларускай дзяржавы і сучасную барацьбу за свабоду.
«Кожны год сотні беларусаў прыязджаюць на Грунвальдскае поле, каб ушанаваць гэтую перамогу. На жаль, у самой Беларусі ўлады мэтанакіравана выціскаюць памяць пра Грунвальдскую бітву і замяняюць яе расійскімі гістарычнымі наратывамі. Таму так важна захаваць гэтае месца як сімвал нашай агульнай еўрапейскай гісторыі», — адзначыла Ціханоўская.
У Офісе Ціханоўскай прызналі, што сёлета наўрад ці ўдасца рэалізаваць праект, аднак разлічваюць, што мясцовыя ўлады і арганізатары пойдуць насустрач пры падрыхтоўцы да наступнай гадавіны Грунвальдскай бітвы. Цяпер на полі ўсталяваныя сцягі Польшчы і Літвы.
Нагадаем, Грунвальдская бітва адбылася 15 ліпеня 1410 года. У ёй саюзныя войскі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага нанеслі вырашальную паразу Тэўтонскаму ордэну.
