Дмитрий Гора. Фото: Генпрокуратура РФ
Па ініцыятыве пракурораў беларускія суды прызналі «экстрэмісцкімі» восем інтэрнэт-супольнасцей, «якія прапагандавалі ідэалогіі чайлдфры і ЛГБТ-руху», заявіў генпракурор Беларусі Дзмітрый Гара на 24-м пасяджэнні кіраўнікоў наглядных ведамстваў дзяржаў — членаў ШАС у Казані (РФ).
У сваім дакладзе на пасяджэнні Гара гаварыў пра абарону «традыцыйных сямейных каштоўнасцей» і прафілактыку распаўсюджвання супрацьпраўнага кантэнту сярод непаўналетніх. Ён заявіў, што інстытут сям’і перажывае крызіс, а на паняцці шлюбу і бацькоўства аказваецца ціск.
Паводле слоў Гары, органы пракуратуры Беларусі разглядаюць абарону сям’і і дзяцінства як «ключавы кірунак у працы, а нагляд у гэтай сферы накіраваны на спыненне пранікнення ў грамадства дэструктыўных ідэалогій, якія супярэчаць духоўным каштоўнасцям беларускага народа», паведамляе Генпракуратура.
Генпракурор адзначыў, што за апошнія тры гады ў сацсетках выяўленыя «шматлікія факты прапаганды ідэй адмовы ад інстытута сям’і, дыскрэдытацыі мацярынства, шантажу ўзнікненнем жыццёвых праблем пасля нараджэння дзіцяці, адмаўлення каштоўнасці жыцця дзіцяці і прыніжэння грамадскай і медыцынскай небяспекі абортаў, распальвання варожасці ў дачыненні да дзяцей».
Па заяве пракурораў суды прызналі «экстрэмісцкімі» восем інтэрнэт-супольнасцей за «прапаганду ідэалогіі чайлдфры і ЛГБТ-руху».
Таксама з пачатку года ў Беларусі быў абмежаваны доступ да 1400 інтэрнэт-рэсурсаў, «звесткі на якіх былі здольныя нанесці шкоду непаўналетнім».