Скриншот видео
У ноч на 21 лістапада Расія атакавала Украіну балістычнымі ракетамі і беспілотнікамі. У выніку ўдараў па Крывым Рогу загінулі два чалавекі, у тым ліку сямігадовае дзіця, яшчэ 58 атрымалі раненні.
Паводле даных Паветраных сіл УСУ, расійскія войскі ўжылі тры балістычныя ракеты «Іскандэр-М»/KN-23/С-400, запушчаныя з Бранскай вобласці Расіі і акупаванага Крыма, а таксама 148 беспілотнікаў тыпаў Shahed, «Гербера», «Пародия» і іншых. Сярод іх было 87 рэактыўных дронаў. Беспілотнікі запускаліся з Арла, Бранска, Прыморска-Ахтарска, Мілерава, а таксама з акупаваных тэрыторый Данецкай вобласці і Крыма.
Паводле даных на 8:00, украінская СПА збіла або падавіла 117 беспілотнікаў, у тым ліку 67 рэактыўных. Траплянні зафіксаваныя ў 19 месцах, падзенне абломкаў збітых цэляў – яшчэ ў дзевяці.
У выніку вячэрніх і начных ракетных і беспілотных удараў па Крывым Рогу загінулі 20-гадовая фельчарка хуткай дапамогі і сямігадовы хлопчык, паведаміў кіраўнік Савета абароны горада Аляксандр Вілкул. Па стане на раніцу 21 лістапада колькасць пацярпелых вырасла да 58, сярод іх шасцёра дзяцей, трое лекараў хуткай дапамогі і супрацоўнікі Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях.
У бальніцах знаходзяцца 28 параненых, у тым ліку 5 дзяцей. Самай малодшай пацярпелай 3 гады. Стан 11 чалавек ацэньваецца як цяжкі, 5 знаходзяцца ў рэанімацыі, сярод іх 17-гадовы падлетак.
У выніку ўдараў па цэнтры горада ўзніклі чатыры пажары, якія ўжо патушылі. Пашкоджаныя каля 25 шматкватэрных дамоў, бальніца, навучальныя ўстановы, прадпрыемства, камерцыйныя аб’екты, рэстаран, гаражы, аўтамабілі хуткай дапамогі і прыватныя машыны. У горадзе працягваюцца аднаўленчыя работы. У прыватнасці, камунальныя службы аднаўляюць пашкоджаныя камунікацыі. Для жыхароў пацярпелых дамоў арганізаваны штаб дапамогі.
Расійскія войскі атакавалі таксама Навапольскую грамаду Крыварожскага раёна і Нікапаль. Паведамляецца пра пашкоджанне інфраструктуры, пацярпелых няма.
У Падольскім раёне Кіева ў выніку расійскай атакі загарэліся два прыватныя жылыя дамы. Паводле інфармацыі ДСНС, пацярпеў адзін чалавек. Ратавальнікі перадалі яго медыкам для шпіталізацыі. Пажар ліквідаваны.
У пасёлку Салоніцаўка ў Харкаўскай вобласці расійскі ўдарны беспілотнік трапіў у пяціпавярховы жылы дом. Пацярпелі 11 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, паведамляе ДСНС Украіны. Пажар ахапіў 250 квадратных метраў. Гарэлі кватэры на чацвёртым і пятым паверхах, а таксама частка тэхнічнага паверха. Акрамя таго, пашкоджаныя іншыя шматкватэрныя і прыватныя жылыя дамы, дачныя пабудовы і аўтамабілі.
У Ровенскай вобласці расійскія войскі ўначы нанеслі ўдар па грамадзянскім прадпрыемстве. У выніку атакі разбураны будынак і ўзнік пажар. Паводле даных ДСНС, пацярпеў адзін чалавек. Ратавальнікі ліквідавалі ўзгаранне і завяршылі работы па ліквідацыі наступстваў удару.