25 палітвязняў, вызваленых сёння, вывезлі ў Літву, паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.
Сярод вызваленых — заснавальнік крамы symbal.by Павел Белавус, удзельнік гурта Torband Яўген Бурло, дырэктар TUT.by Людміла Чэкіна, дырэктар «БелаПАН» Дзмітрый Наважылаў, менеджар «БелаПАН» Андрэй Аляксандраў і яго жонка Ірына Злобіна, сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa Таццяна Кузіна, былы следчы СК Яўген Юшкевіч, актывістка Алена Лазарчык, Яна Пінчук, валанцёрка «Гомельскай вясны» Святлана Якубовіч, саліст Torband Дзмітрый Галавач, адвакат Анастасія Лазарэнка, музыкант гурта «Стары Ольса» Алесь Чумакоў, Павел Пятручэня, журналіст Кірыл Пазняк.
«Я вельмі рада за кожнага і кожную, хто сёння нарэшце апынуўся на свабодзе. А таксама за іх родных і блізкіх, якія чакалі гэтага дня.
Мы таксама бачым, наколькі цяжка ідуць перамовы аб вызваленні людзей. Кожнае вызваленне патрабуе вялікіх намаганняў, і відавочна, што Лукашэнка не хоча адпускаць усіх палітычных зняволеных», — заявіла Ціханоўская.
Яна падзякавала ЗША за перамовы і заявіла, што праца па вызваленні людзей не павінна спыняцца.
«Неабходна, каб Злучаныя Штаты і Еўропа працягвалі каардынаваць свае намаганні і падтрымліваць працэс вызвалення людзей. …Кожны вызвалены чалавек — гэта перамога. Таму сённяшняе вызваленне — гэта чарговы гуманітарны вынік, але далёка не канец гэтага працэсу. Праца павінна працягвацца, пакуль усе палітвязні не апынуцца на свабодзе», — заявіла Ціханоўская.
Па выніках перамоў Аляксандра Лукашэнкі і спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла беларускія ўлады абяцалі вызваліць 25 чалавек у абмен на зняцце санкцый з «Лакафарбы» і «Беллеспаперапрама». Таксама Коўл заявіў, што вызваленне палітвязняў і зняцце санкцый працягнуцца.