Ведется видеонаблюдение. Минск. Фото: Reform.by
У Мінску пачалі рэалізацыю двухгадовага праекта па ўсталяванні 20 тысяч камер відэаназірання на фасадах шматкватэрных дамоў. Пра гэта стала вядома 27 жніўня падчас нарады пад кіраўніцтвам старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, піша «Мінск-Навіны».
У жніўні спецыялісты «Белтэлекама» ўсталявалі каля 1 тысячы камер у дварах шматкватэрных дамоў. Да канца 2026 года плануецца ўсталяваць яшчэ каля 2,9 тысячы прылад, у 2027 годзе каля 9,6 тысячы, астатнія камеры павінны з’явіцца ў 2028 годзе.
“Яны будуць фіксаваць тры пункты: кантэйнерныя пляцоўкі, што дазволіць забяспечыць кантроль за вывазам смецця; дзіцячыя пляцоўкі (дапаможа сачыць за іх станам); пешаходныя сувязі і прылеглыя тэрыторыі, дзякуючы чаму ўдасца маніторыць, ці своечасова наводзіцца парадак”, — заявіла генеральны дырэктар аб’яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Марына Толсцік.
На канец жніўня спецыялісты абследавалі 58% шматкватэрных дамоў. Завяршыць абследаванне плануюць у снежні 2026 года.
Таксама разглядаецца магчымасць усталявання дадатковых камер з боку вуліц і дарог. Яны павінны фіксаваць сітуацыю на зялёных зонах і праездах.
У Мінгарвыканкаме заявілі, што відэапатокі з гарадскіх тэрыторый плануецца аб’яднаць у адзіным цэнтры.
“Падкрэслю: такая сістэма відэаназірання ствараецца горадам для паляпшэння працы арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яна дазволіць кантраляваць якасць і своечасовасць аказання неабходных паслуг, што дапаможа стварыць яшчэ больш камфортныя ўмовы для жыхароў сталіцы. Спецыялісты непасрэдна на працоўных месцах змогуць адсочваць сітуацыю на даручаных ім участках”, – заявіла Толсцік.
Уладзімір Кухараў даручыў распрацаваць парадак маніторынгу прыдамавых тэрыторый і забяспечыць аператыўнае рэагаванне гарадскіх службаў на выяўленыя парушэнні.