У 1999 годзе ў Мінску забілі 20-гадовую дзяўчыну, якая займалася абменам валюты. Устанавіць усіх падазраваных удалося праз 27 гадоў, калі адзін з удзельнікаў нападу здаў саўдзельнікаў, знаходзячыся ў калоніі.
Забойства адбылося ў студзені 1999 года на праспекце газеты «Известия». Каля аднаго з дамоў быў знойдзены труп дзяўчыны з больш чым 20 нажавымі раненнямі. Дзяўчына займалася нелегальным абменам валюты. Забойства доўгі час заставалася нераскрытым, пакуль у 2026 годзе мужчына, які адбывае пажыццёвы тэрмін за трайное забойства, не зрабіў чыстасардэчнае прызнанне і не назваў двух іншых саўдзельнікаў, паведамляе Следчы камітэт.
Неўзабаве іх затрымалі. Адзін з іх жыў у Магілёве, а другі працаваў дальнабойшчыкам.
На момант злачынства нападнікам было 15, 17 і 22 гады. Старэйшы з іх прыехаў у Мінск з Магілёва, а двое малодшых выраслі ў суседніх пад’ездах. Лідарам у кампаніі быў малодшы, 15-гадовы падлетак, які вылучаўся агрэсіўнасцю.
Устаноўлена, што абвінавачаныя вывучылі звычкі і маршрут пацярпелай. Увечары 16 студзеня яны зайшлі за дзяўчынай у пад’езд. 17-гадовы і 22-гадовы саўдзельнікі паспрабавалі вырваць у яе з рук сумку, але дзяўчына пачала супраціўляцца і клікаць на дапамогу. Спалохаўшыся, што на шум выйдуць суседзі, малодшы з саўдзельнікаў дастаў нож і больш за 20 разоў ударыў дзяўчыну. Смяротна параненая мінчанка з апошніх сіл выбралася з пад’езда і ўпала за некалькі метраў ад увахода.
Пасля 1999 года кожны з нападнікаў быў асуджаны за іншыя забойствы.
Пасля затрымання двое мужчын прызналіся ў забойстве дзяўчыны.