13 вызваленых напярэдадні беларускіх палітвязняў застануцца ў Літве, 10 адправяцца ў Польшчу, яшчэ двое — у іншую краіну. Пра гэта паведаміў дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.
Паводле яго слоў, на працягу дня прадстаўнікі каманды Ціханоўскай працавалі ў шэлтары і офісе Freedom House, займаючыся рэгістрацыяй і афармленнем дакументаў вызваленых.
«На сёння мы маем інфармацыю, што 13 чалавек застануцца ў Літве — вялікі дзякуй Літве за дапамогу. 10 чалавек паедуць заўтра раніцай у Польшчу. Тут вялікі дзякуй польскаму МЗС, а таксама Паўлу Латушку за каардынацыю гэтага пытання. Два чалавекі паедуць у іншую краіну», — паведаміў дарадца.
Ён адзначыў, што дапамога вызваленым на гэтым не заканчваецца. Ім працягнуць аказваць падтрымку ў пытаннях рэабілітацыі, медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі.
Ён падзякаваў арганізацыям, якія ўдзельнічаюць у гэтай працы, назваўшы ініцыятыву «Вольныя», фонд «Краіна для жыцця», Freedom House і Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Нагадаем, 16 верасня ў выніку перамоў Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі былі вызваленыя 25 чалавек. Іх вывезлі з Беларусі ў Літву. У абмен ЗША здымуць санкцыі з «Беллеспаперапрама» і «Лакафарбы». Таксама Коўл заявіў, што вызваленне палітвязняў і зняцце санкцый працягнуцца.