10 вызваленых палітзняволеных падалі заявы на міжнародную абарону ў Польшчы

Беларускія палітзняволеныя, якія былі вызваленыя 16 верасня, вывезеныя ў Літву і вырашылі легалізавацца ў Польшчы, падалі заявы на міжнародную абарону, паведамляе АПК.

Дзевяць чалавек падалі заявы ў Варшаве, адзін — у Беластоку пры падтрымцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, ініцыятывы «Вольныя» і Цэнтра беларускай салідарнасці. З кожным палітзняволеным была праведзеная індывідуальная юрыдычная кансультацыя.

Кіраўнік НАУ Павел Латушка падзякаваў польскаму боку за супрацоўніцтва.

«Дзякуй Галоўнаму каменданту Памежнай службы Польшчы за вельмі аператыўную рэакцыю і эфектыўнае супрацоўніцтва.

Як і ў снежні 2025 года і ў сакавіку 2026 года, калі дэпартаваныя палітзняволеныя падавалі дакументы на легалізацыю, з польскага боку мы ўбачылі глыбокае разуменне і аператыўнае садзейнічанне. Такая эфектыўная падтрымка неабходная беларусам, якія прайшлі праз рэпрэсіі і прымусовую дэпартацыю», — заявіў Латушка.

Нагадаем, 16 верасня былі вызваленыя 25 беларускіх палітзняволеных. Усе былі прымусова вывезеныя ў Літву. З іх 10 чалавек вырашылі легалізавацца ў Польшчы.