Фото: sk.gov.by
Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу ў дачыненні да прадстаўнікоў кампаніі Bayer. Затрыманыя 10 чалавек — грамадзяне Беларусі і Расіі.
Паводле версіі следства, са студзеня 2020 года па сакавік 2026 года кіраўнікі замежных кампаній Bayer і АТ «БАЙЕР» пры садзейнічанні іншых асоб арганізавалі продаж сродкаў аховы раслін і фармацэўтычнай прадукцыі ў Беларусі без рэгістрацыі пастаяннага прадстаўніцтва кампаніі. Для вядзення гэтай дзейнасці былі створаны ТАА «Байер ВР» і некалькі прадстаўніцтваў замежных кампаній.
Следства лічыць, што ўдзельнікі схемы не выплачвалі падаткі з атрыманых даходаў. Агульную суму нявыплачаных падаткаў ацанілі ў больш як 50 млн рублёў. Пры гэтым, як сцвярджае СК, з беларускіх рахункаў групе кампаній Bayer са студзеня 2020 года па сакавік 2026 года было пералічана больш за 1,35 млрд рублёў.
У рамках расследавання затрыманыя 10 грамадзян Беларусі і Расіі. Сямярым з іх абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Іх дзеянні кваліфікаваныя паводле артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі — ухіленне ад выплаты падаткаў.
У Следчым камітэце заявілі, што падчас ператрусаў канфіскавалі дакументы, якія, паводле сцвярджэння ведамства, пацвярджаюць супрацьпраўную дзейнасць. Сярод іх — ценявыя ўлікі, спецыфікацыі, дагаворы, заяўкі, звесткі пра пастаўкі і зводныя файлы.
СК заяўляе, што падазраваныя супрацоўнічаюць са следствам і даюць прызнальныя паказанні, у тым ліку ў дачыненні да кіраўніцтва замежнай кампаніі. Арыштаваныя нерухомасць, транспарт і рахункі кампаніі і замежных прадстаўніцтваў, а таксама нерухомасць і рухомая маёмасць падазраваных на агульную суму не менш за 8 млн рублёў.
Расследаванне працягваецца. Аналізуецца дзейнасць замежнай кампаніі і яе прадстаўніцтваў на тэрыторыі Беларусі з мэтай устанаўлення ўсіх абставін супрацьпраўнай дзейнасці, заяўляе СК.
Bayer — нямецкая міжнародная фармацэўтычная і хіміка-аграрная кампанія са штаб-кватэрай у Леверкузене (Германія), адзін з найбуйнейшых сусветных вытворцаў лекаў і аграхімічнай прадукцыі.