«Банкуха-фэст». Фота: grodnonews
Свята «Банкуха-фэст» упершыню прайшло ў мястэчку Поразава ў Гродзенскай вобласці.
Банкуха — кулінарны брэнд Свіслачы, некалькі гадоў таму ўнесены ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Свята аб’яднала мясцовыя традыцыі, народныя абрады і кулінарную спадчыну. Можна было пакаштаваць знакамітую поразаўскую банкуху, традыцыйныя стравы Свіслацкага раёна і пагуляць на Свіслацкім вяселлі. Жыхары Поразава сабраліся разам, каб успомніць свае лакальныя традыцыі падчас рэканструкцыі вясельных абрадаў, а таксама паспаборнічаць у кулінарных конкурсах.
Калісьці банкуха была абавязковым атрыбутам любога вяселля. Мясцовыя гаспадыні нават спаборнічалі паміж сабой – у каго торт атрымаецца самым высокім і галінастым. Свае рэцэпты бераглі і перадавалі толькі ў спадчыну.
Гэты кандытарскі выраб пячэцца каля адкрытага агню ў печы. У Поразаве яго лічаць тортам або пірагом і гатуюць на вяселле, дні нараджэння ці іншыя вялікія святы. Назва паходзіць ад нямецкага слова «баўмкухен», што азначае дрэва-пірог. Падобны пірог вядомы ў Літве пад назвай шакоціс, і ў Польшчы — сэнкач.
Па вонкавым выглядзе банкуха падобная на невялікую ялінку з галінкамі. Атрымліваецца гэта дзякуючы асаблівай тэхніцы выпякання. Выкарыстоўваецца доўгі металічны стрыжань, на супрацьлеглым баку замацаваны конусападобны драўляны валік, вакол якой фармуецца банкуха. Валік абгортваюць прамасленай паперай і абвязваюць шпагатам, на якім праз роўныя прамежкі навязаныя вузельчыкі. У працэсе гатавання ўдзельнічаюць дзве-тры гаспадыні: адна хутка круціць грыль, замацаваны каля агню на прыпечку, другая палівае драўляны валік вадкім цестам, рэшткі якога сцякаюць на металічны паднос. Частка цеста застаецца на форме, кожны наступны пласт цеста наліваецца, калі запёкся папярэдні.
Банкуха трапіла ў Свіслацкі раён прыкладна ў пачатку XX стагоддзя і захавалася ў першапачатковым варыянце. Сёння гатаваць гэты ласунак умеюць толькі чатыры жыхаркі Поразава — носьбіткі і пераемніцы традыцыі.
Рэцэпт і знешні выгляд поразаўскай банкухі адрозніваюцца ад падобных вырабаў у суседніх краінах. Беларуская банкуха больш галінастая і не мае ніякага дадатковага дэкору, у той час як нямецкі баўмкухен можа быць гладкім і дэкараваны шакаладам і глазурай.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram