Нэла Агрэніч разам з Ганнай Селюк. Фота: сацсеткі Нэлы Агрэніч.
На стрымінгавай платформе Netflix адбылася прэм’ера польскага сіткома «Падляшша» (Podlasie). Гэта лёгкая камедыя пра жыхароў вёскі, якія спрабуюць выратаваць мясцовае вяселле і сваю гаспадарку праз авантурны план па прыцягненні турыстаў. У суаўтарах гэтага рэліза, які адразу пасля прэм’еры ўзначаліў глядацкі рэйтынг на польскай платформе сервісу, — беларуская рэжысёрка Нэла Агрэніч.
У эксклюзіўным каментары для Reform.news Нэла распавяла пра «страх камунікацыі», сяброўства з легендарнай Аннай Сенюк і тое, чаму палякі — малайцы.
Беларуская рэжысёрка і аўтарка фільмаў «Сябры па перапісцы», «Тата», «Мой брат» трапіла ў каманду польскай карціны па рэкамендацыі знаёмай прадзюсаркі — тая параіла яе ў праект. «Усё празаічна», — жартуе творца.
Здымкі фільма доўжыліся два месяцы ў маляўнічых лакацыях Падляшша — рэгіёне, які гістарычна і культурна шчыльна звязаны з Беларуссю. Нэла была занятая на пасадзе асістэнкі рэжысёра на пляцоўцы. І для беларускай кінематаграфісткі тое стаўся першы досвед працы ў цалкам польскай камандзе.
«Гэта мой такі першы праект, дзе нікога не ведала на пляцоўцы, таму было крыху страшна, ці хопіць мне польскай для камунікацыі, але ўсё было гуд», — прызнаецца яна.
Акрамя працы ў рэжысёрскай групе, таксама Нэла была персанальным асістэнтам (PA) выканаўцы галоўнай ролі — легендарнай польскай артыстцы Анны Сенюк. Каб беларускаму чытачу быў зразумелы маштаб гэтай актрысы: Анна Сенюк для Польшчы — гэта велічыня ўзроўню нашай Стэфаніі Станюты. Гэтая сустрэча стала для Нэлы сапраўднай школай.
«Яна вучыла мяне і акцёрству, і рэжысуры, і ўвогуле — мы добра пасябравалі з ёй. Дзякуючы ёй я зразумела, што анёлы на зямлі сапраўды існуюць!» — дадае рэжысёрка.
Цікава, што менавіта з кампаніяй, якая здымала фільм (ZPR Media), беларуска зараз рыхтуе свой уласны паўнаметражны дэбют.
На сёння «Падляшша» ўзначальвае рэйтынг самых папулярных фільмаў на Netflix (у Польшчы), абышоўшы буйныя міжнародныя рэлізы.
Нагадаем, што ў фільме рамантычная і разам з тым камедыйная гісторыя. Галоўная гераіня Галіна вымушана адмяніць вяселле праз фінансавыя праблемы. Аднак сям’я і сябры не здаюцца: яны вырашаюць ператварыць сваю вёску ў турыстычную мекку, каб сабраць неабходныя грошы. Падляшша ў серыяле паказана як край каларытных характараў, народнага гумару і нечаканых рашэнняў, — так анасуюць праект на «Нетфліксе».
Аднак, пакуль гледачы атрымліваюць асалоду ад карцінкі, гульні актораў, польскія інтэлектуалы сустрэлі прэм’еру вострай крытыкай. Уплывовае выданне Krytyka Polityczna апублікавала рэцэнзію Паўліны і Войцеха Сегеняў, якія абвінавацілі Netflix у «вымыванні» беларускай і праваслаўнай гісторыі рэгіёна. У прыватнасці, рэцэнзенты пішуць, што ў кадры праваслаўныя хаты і крыжы, але героі маюць польскія прозвішчы, а ключавыя ролі аддадзены каталіцкім святарам. Таксама дасталося на арэхі акторам за імітацыю падляшскай гаворкі.
«Польская большасць любіць усходнюю культуру, але не любіць людзей, якія яе стварылі», — рэзка рэзюмуюць Сегені, параўноўваючы сітуацыю з амерыканскім блюзам.
Reform.news спытаў у Нэлі Агрэніч, ці ўдалося, на яе погляд, серыялу перадаць сапраўдную культуру Падляшша.
«На мой асабісты густ, «Падляшша» не строіць з сябе вялікае кіно, гэта камедыя для Netflix, не больш чым, — адказала Нэла, выводзячы на першы план прафесію. — Гэта лёгкі фільм, без прэтэнзіі на глыбокія пераасэнсаванні.
Але палякі малайцы, што выкарыстоўваюць хоць так свае культурныя коды: нават у простых, масавых фільмах яны знаходзяць месца сваёй культуры. І яна добра ідзе на экспарт, як паказваюць рэйтынгі праглядаў», — нагадвае поспех серыяла ў гледача беларуская кінематаграфістка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram