У Мінску прайшла прэс-канферэнцыя на тэму «Культура – знак якасці менталітэту нацыі» з удзелам міністра культуры Анатоля Маркевіча. Яна была прысвечана канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады.
БелТА дала справаздачу з выказваннямі міністра, які акрэсліў некалькі пастулатаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры.
Галоўны з іх: пастаянна падкрэсліваецца значнасць гэтай сферы, каб уплываць на светапогляд людзей. «Я глыбока перакананы, што сфера культуры павінна адной з першых перадаваць усю важную і карысную інфармацыю і з дапамогай правядзення культурных мерапрыемстваў фарміраваць светапогляд людзей», — сказаў Маркевіч.
Таксама міністр расказаў, што спачатку канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы хацелі назваць канцэпцыяй культурнага імпартазамяшчэння, але перадумалі і цяпер «у Беларусі не будуць ставіць перашкоды для асобных відаў і жанраў мастацтва і працягнуць выкарыстоўваць міжнародны перадавы вопыт у сферы культуры». Якія віды і жанры мастацтва маглі апынуцца ў «чорных спісах», на жаль, не паведамляецца.
Такім чынам, культура разумеецца міністрам як інструмент, праз які трэба праводзіць «ясныя для нас пасылы». У тым ліку — выводзіць гэтыя пасылы на сусветны ўзровень, каб «заявіць пра сябе». «Тая сэнсавая нагрузка, якую нясе ў сабе культура, яна была зразумелай і вельмі карыснай. Як я ўжо сказаў, была нацэлена на стварэнне. Была нацэлена на тое, каб мы былі такой адной дружнай сям’ёй, кансалідавалі наша грамадства і праводзілі тыя ясныя для нас пасылы, якія важныя для любога чалавека, таму што сёння ў глабальным свеце вельмі шмат наноснага, праблемнага, на наш погляд. Можа, мы не звярталі сваю ўвагу, так ужо пільна, на пэўным этапе нашай сумеснай працы, але цяпер настаў час заявіць пра сябе», — выказаўся міністр.
Асаблівую ўвагу міністэрства культуры збіраецца звяртаць на рэгіёны, дзеля чаго нават ўзнавіла закінуты з 2006 года фармат «справаздачных канцэртаў у сталіцы». А таксама — на моладзь, якая «нясе свае думкі, з прычыны чаго з’яўляюцца спалучэнні традыцыйнага культурнага падмурка і новых падыходаў, што выклікае ў гледача вялікую цікавасць».
Для дасягнення гэтых амбіцыйных мэтаў важна выкарыстоўваць новыя тэхналогіі. «Мы не можам знаходзіцца на абочыне інфармацыйных тэхналогій і новых падыходаў у XXI стагоддзі, бо разумеем вельмі важную ролю іх развіцця. Тым больш, што наша аўдыторыя — гэта ўсе жыхары краіны, у тым ліку і маладыя людзі», — заўважыў Маркевіч.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram