Арганізатары прэміі імя Францішка Багушэвіча выклалі кароткі спіс за 2025 год

Журы прэміі імя Францішка Багушэвіча вызначыла фіналістаў апошняга сезону. У кароткі спіс прэміі ўвайшлі сем твораў – кнігі, падкасты і аўтарскія медыяпраекты, што даследуюць беларускую памяць, мову, гісторыю і сучасны досвед праз літаратуру, рэпартаж, фальклор і візуальнае апавяданне.

Праз асабістыя гісторыі, архівы, мову і памяць гэтыя працы прапануюць уласны спосаб гаварыць пра Беларусь – краіну страчаных слядоў і ўпарта захаваных словаў.

У кароткі спіс увайшлі:

Кнігі:

  • «І даўней так пелі: Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі» – Вольга Барышнікава (Skaryna Press, Лондан, 2025);
  • «Кола дня» – Аляксандра Турава (2025, зашыфраваны ўдзел);
  • «Кровазварот» – Юлія Цімафеева (Янушкевіч, Варшава, 2025);
  • «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці» – Ганна Кандрацюк (выдавецтва Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, Беласток, 2025);
  • «Цені падмуркаў» – Milestone (2025, зашыфраваны ўдзел);

Артыкулы, падкасты, відэаблогі і іншае:

  • Падкаст «Літаратурныя зацемкі» – аўтар і вядоўца Сяргей Дубавец (2025);
  • Тэлевізійны праект «Сармацкі вус» – аўтар і вядоўца Цімафей Акудовіч.

Прэмія імя Францішка Багушэвіча была заснавана ў 1996 годзе і ўручаецца за найлепшыя творы, якія служаць аднаўленню гістарычнай памяці і спрыяюць фармаванню і ўмацаванню беларускай ідэнтычнасці.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!