У варшаўскай Царкве Святога Аляксандра ўчора, 22 верасня, адбыўся незвычайны канцэрт беларускіх кампазітараў і выканаўцаў Вольгі Падгайскай і Аляксандра Пораха. На выступленні прагучалі творы музыкаў, выкананыя на аргане і сінтэзатары. Як адзначыў пасля канцэртнай часткі ксёндз Вячаслаў Барок, дзякуючы патранату якога ладзяцца музычныя выступы ў храме на плошчы Трох Крыжоў, «мы нібыта здзейніслі падарожжа на край сусвету, у касмічныя далі».
Вольга Падгайская і Аляксандр Порах пазнаёміліся яшчэ да 2020 года. Аляксандр Порах прымаў удзел у беларускім праекце «Кінемо» — фестывалі нямога кіно і сучаснай музыкі, суарганізатаркай якога з’яўляецца Вольга Падгайская. У 2015 годзе Аляксандр падрыхтаваў гукавое суправаджэнне да амерыканскай карціны «Невядомы», што дэманстравася ў Брэсце.
Зараз музыканты вырашылі працягнуць супрацоўніцтва. Вольга Падгайская вядомая як аўтарка шматлікіх арганных, оперных, сімфанічных, інструментальных, вакальна-інструментальных твораў, а таксама музыкі для драматычных спектакляў і фільмаў. Аляксандр Порах скончыў Музычную Акадэмію імя Фелікса Нававейскага ў Быдгошчы. Яго напрамак — гэта электронная музыка. Творцы вырашылі паэксперыментаваць і стварыць музыку, у якой арганнае гучанне і жывая электроніка дапаўняюць адно аднаго.
«Пра што ваша музыка, у якой спалучаецца гучанне аргану і сінтэзатараў? На маё пытанне музыкі пераглянуліся і адказалі: пра тое, пра што можа быць музыка — пра пачатак і канец, пра нашы жыццё, пра маўчанне, — у невялікай прэамбулы да канцэрта ксёндз Вячаслаў Барок распавёў пра размову з музыкамі і дадаў. — Мяркую, гэта музыка ёсць падтрымкай, каб мы не згубіліся на сваём шляху, звяртаючыся да Бога, які ёсць Альфай і Амегай».
Дадамо, што імпрэза стала яшчэ адным важным выступам Аляксандра Пораха, які зараз праходзіць курс рэабілітацыі пасля перамогі над цяжкай хваробай — ракам вялікай бярцовай косткі.
Арганізатары канцэрта: Эппаў і Аб’яднанне сучаснай музыкі «Паветра» пры падтрымцы ксяндза Вячаслава Барка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram