Вечарам сёмага студзеня ў Беверлі-Хілз прайшла 81-я цырымонія ўручэння прэміі «Залаты глобус». Карціна Крыстафера Нолана «Апенгеймер» была намінаваная на восем прэмій і атрымала пяць узнагарод.
Рэжысёр карціны Крыстафер Нолан атрымаў узнагароду за лепшую рэжысуру. Кіліян Мэрфі, які сыграў Роберта Апенгеймера, стаў «найлепшым акцёрам у драматычным фільме», а Роберт Даўні-малодшы стаў «лепшым акцёрам другога плана».
Фільм таксама перамог у намінацыі «Найлепшы арыгінальны саўндтрэк», яго аўтар — Людвіг Гарансан.
Фільм «Барбі» атрымаў два «залатыя глобусы»: за «кінематаграфічныя і касавыя дасягненні» і за песню «What Was I Made For?» ад Білі Айліш.
«Залаты глобус» у катэгорыі «Найлепшы фільм» (мюзікл ці камедыя) атрымала стужка «Бедныя-няшчасныя» Ёргаса Ланцімаса. Выканаўцу галоўнай ролі Эму Стоўн прызналі лепшай актрысай у мюзікле або камедыі.
Прыз за лепшую мужчынскую ролю ў мюзікле або камедыі атрымаў Пол Джамаці («Пакінутыя»), лепшай драматычнай актрысай прызналі Лілі Гладстан («Забойцы кветкавага месяца»).
У намінацыі «Найлепшы фільм на замежнай мове» перамагла французская дэтэктыўная карціна «Анатомія падзення». Французскі фільм быў удастоены двух статуэтак прэміі «Залаты глобус». Карціна перамагла ў намінацыі «Найлепшы фільм на замежнай мове», а Жусцін Трые і Артур Харары атрымалі «Залаты глобус» за найлепшы сцэнар да фільма.
Лепшымі серыяламі прызналі «Спадчыннікаў» (у намінацыі «Драма») і «Мядзведзь» (у катэгорыі «Мюзікл або камедыя»).
«Хлопчык і птушка» японскага рэжысёра Хаяо Міядзакі атрымаў «Залаты глобус» як лепшы анімацыйны фільм.
Нагадаем, што прэмія «Залаты глобус» праводзіцца ўжо ў 81-шы раз, яна ўручаецца штогод у больш чым 20 намінацыях за розныя дасягненні ў серыялах і кіно.
Сёлета ў журы прэміі працавалі два беларускія кінакрытыкі, сябры FIPRESCI — Ірэна Кацяловіч і Максім Карпіцкі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram